Генпракурор папярэдзіў аб новых формах і інструментах кіберзлачынстваў
Дзмітрый Гара 7 кастрычніка, Мінск . Колькасць кіберзлачынстваў застаецца значнай, патрэбны дадатковыя меры процідзеяння. Аб гэтым заявіў генеральны пракурор Беларусі Дзмітрый Гара ў час сумеснага пасяджэння Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі,
«Удзельная вага кіберзлачынстваў у агульнай структуры злачыннасці складае каля 30%. Цяпер з’яўляюцца новыя формы ўчынення такіх злачынстваў. Напрыклад, зламыснікі ажыццяўляюць блакіроўку доступу да айфонаў і патрабуюць грошы за яе зняцце. Распаўсюджаны таксама факты ўзлому ўліковых запісаў карыстальнікаў мессенджараў, пасля чаго паступаюць патрабаванні выплаты грашовых сродкаў, у тым ліку за нераспаўсюджанне асабістай інфармацыі, а таксама ўчыняюцца іншыя проціпраўныя дзеянні», — сказаў Дзмітрый Гара.

Пры гэтым украдзеныя грашовыя сродкі нярэдка выводзяцца за межы краіны. «Напрыклад, у ліпені бягучага года Мінскім гарадскім судом асуджаны 15 кіраўнікоў і 39 удзельнікаў міжнароднай злачыннай арганізацыі, якая дзейнічала па схеме махлярскіх кол-цэнтраў. Абвінавачаныя на тэрыторыі Беларусі, Расіі і Кыргызстана кралі грашовыя сродкі грамадзян пад выглядам інвесціравання ў фінансавыя праекты, якія на самай справе не існавалі. Агульны памер прычыненага ўрону па справе перавысіў 2 млн рублёў. Вінаватыя асуджаны на працяглы тэрмін пазбаўлення волі», — адзначыў генеральны пракурор. 
Паводле яго слоў, інструменты такіх злачынстваў пастаянна ўдасканальваюцца. «Актыўна выкарыстоўваюцца тэхналогіі штучнага інтэлекту, а таксама віртуальныя тэлефонныя станцыі, якія даюць магчымасць тэлефанаваць з любой кропкі свету з адлюстраваннем беларускіх нумароў (GSM-шлюзы, SIM-боксы)», — звярнуў увагу Дзмітрый Гара.
На яго думку, існуючая нарматыўная прававая база не ў поўнай меры адпавядае сучасным выклікам. «Патрабуецца пашырэнне кола суб’ектаў прафілактыкі такіх правапарушэнняў, вызначэнне паўнамоцтваў, выбудоўванне сістэмы ацэнкі якасці работы. Для вырашэння розных пытанняў і выпрацоўкі дадатковых мер процідзеяння кіберзлачынствам пры Генеральнай пракуратуры дзейнічае міжведамасная рабочая група», — дадаў ён.
Фота Мікалая Пятрова





