Брэсцкая вобласць і Татарстан падпісалі двухгадовы план мерапрыемстваў па супрацоўніцтве
24 мая, Брэст . Брэсцкая вобласць і Татарстан падпісалі план мерапрыемстваў на 2026-2027 гады па рэалізацыі пагаднення паміж Брэсцкім аблвыканкамам і ўрадам Рэспублікі Татарстан аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным, сацыяльным і культурна-гуманітарным супрацоўніцтве. Цырымонія адбылася 24 мая ў Брэсце,
Брэсцкую вобласць з афіцыйным візітам наведвае дэлегацыя Рэспублікі Татарстан на чале з раісам Рустамам Мініханавым. У будынку Брэсцкага аблвыканкама адбылася сустрэча, у час якой бакі абмеркавалі развіццё двухбаковых адносін. У перагаворах прынялі ўдзел старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык і старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Рагожнік. У прыватнасці, быў падпісаны двухгадовы план мерапрыемстваў па супрацоўніцтве паміж Брэсцкай вобласцю і Татарстанам. У так званай дарожнай карце абазначаны канкрэтныя праекты для ўзаемадзеяння.
«Складваюцца вельмі добрыя адносіны з Татарстанам. З кожным годам мацнеюць, выходзяць на новы ўзровень. Брэсцкая вобласць мае з Татарстанам выдатную эканамічную і фінансавую гісторыю. За 2021-2025 гады тавараабарот павялічыўся практычна ў два разы», — звярнуў увагу Пётр Пархомчык. Ён назваў адным з прыярытэтаў для супрацоўніцтва авіябудаванне. Таксама ў сферы інтарэсаў знаходзяцца аграрная сфера, прамысловая кааперацыя, суднабудаванне. Беларускі бок гатовы прымаць групы дзяцей з Татарстана ў патрыятычным цэнтры ў Брэсцкай крэпасці. «Важна захоўваць дынаміку і рэалізоўваць праекты, якія абмяркоўваем. Ідэй шмат», — падкрэсліў старшыня Брэсцкага аблвыканкама.
Рустам Мініханаў згодны з тым, што паміж Татарстанам і Брэсцкай вобласцю адносіны складваюцца ў пазітыўным ключы. «Самае галоўнае сёння — залог нашых адносін ва ўсіх справах. У пытаннях эканомікі, культуры, адукацыі, спорту — усюды ў нас поўнае ўзаемаразуменне, поўны кантакт. Мы надаём вялікае значэнне адносінам з Беларуссю. Не стаім на месцы, а рухаемся наперад», — адзначыў кіраўнік Татарстана.
Праграма візіту расійскай дэлегацыі акрамя афіцыйных сустрэч і перагавораў уключае наведванне знакавых турыстычных славутасцей і прадпрыемстваў. Прадстаўнікі Татарстана сёння пабывалі ў мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой», на Гарнізонных могілках ушанавалі памяць земляка — Героя Савецкага Саюза Пятра Гаўрылава. «Уражанняў атрымалі больш, чым чакалі. Такія беражлівыя адносіны да гісторыі, да захавання памяці. Вельмі ўражаны горадам — сімпатычны, камфортны для жыцця, дагледжаны. Прырода прыгожая», — падзяліўся Рустам Мініханаў.
Фота Віялеты Южаковай






