Больш за тысячу ўдзельніц, інтэрактыў. Жаночы форум прайшоў у Мінску
24 мая, Мінск . Маштабны Жаночы форум сабраў у Мінску больш за 1 тыс. удзельніц з усіх рэгіёнаў Беларусі,
Пляцоўкай для мерапрыемства, прымеркаванага да Года беларускай жанчыны, стала канцэртная зала Prime Hall. Насычаная праграма ўключала выступленні вядучых экспертаў-практыкаў, лідараў меркаванняў, чыя аўдыторыя налічвае мільёны. Уздымаліся актуальныя тэмы самарэалізацыі, псіхалогіі, пабудовы кар’еры, сферы прыгажосці і здароўя, асабістага брэнда, пошуку жыццёвага балансу.
«Мы арганізоўваем Жаночы форум другі раз. Яго мэта — даказаць, што жанчыны нават у сферах, у якіх, здавалася б, павінны дамінаваць мужчыны, могуць быць на вяршыні, — адзначыў тэхнічны дырэктар мерапрыемства Данііл Раманюк. — Удзельніц аб’ядноўвае жаданне развівацца і ўзаемадзейнічаць адна з адной. Калі на мінулы форум сабралі 400 чалавек, то на гэты — больш за 1 тыс. Наступнай вясной нацэлены прыцягнуць яшчэ больш удзельніц».
Асобай падзеяй для гасцей стала з’яўленне на форуме тытулаванай беларускай біятланісткі, алімпійскай чэмпіёнкі Дзінары Смольскай (Алімбекавай), якая падтрымала тэму жаночага лідарства і рэалізацыі ў спорце і жыцці. «Такія мерапрыемствы вельмі важны, каб мы, жанчыны, дзяліліся сваімі гісторыямі поспеху. Незаўсёды гэта перамогі кожны дзень. Яны пра тое, як бывае няпроста ісці да сваёй мэты, знаходзіць сілы дасягаць жаданага ў любой сферы. Сучасная беларуская жанчына сумяшчае шмат роляў — паспяховай бізнесвумен, маці, жонкі. Форум паказвае: у нас аднолькавыя страхі, складанасці. Але мы іх пераадольваем — для мяне такі галоўны пасыл», — сказала яна.
Мерапрыемства наведалі больш за 50 папулярных блогераў і іншых медыяперсон. Адна з удзельніц Надзея Салаўёва прызналася, што для яе форум — магчымасць атрымаць карысную інфармацыю ад тых людзей, якія ўжо маюць сур’ёзны вопыт у бізнесе. «Такія мерапрыемствы аб’ядноўваюць людзей, якія на іх прыходзяць, а таксама адкрываюць перспектывы для росту. Вялікая колькасць жанчын хочуць развівацца, дабівацца новых вышынь, пераадольваць унутраныя абмежаванні», — адзначыла яна.
Ключавым спікерам форуму стаў вядомы псіхолаг Марк Бартан, які прысвяціў сваё выступленне раскрыццю ўнутранага патэнцыялу сучаснай жанчыны, а таксама адказаў на пытанні, даў практычныя інструменты па фарміраванні ўнутранай апоры, абароне асабістых граніц і пошуку балансу паміж высокімі бізнес-дасягненнямі і асабістым шчасцем.
У размове з журналістамі Марк Бартан расказаў, што ён трэці раз у Мінску. Хоць для знаёмства з горадам у яго амаль не было часу, пра беларускую сталіцу склалася добрае ўражанне. «Вельмі смачная ежа — на час знаходжання адмовіўся ад дыеты. Не ўтрымаўся, учора наеўся дранікаў. Падабаюцца людзі — добрыя, спакойныя. Мінск для мяне — месца сілы. Тут атрымліваецца адпачыць, нікуды не трэба спяшацца. Выдатны, спакойны, ціхі горад», — падзяліўся Марк Бартан.
Гаворачы аб тэме форуму, які праводзіцца ў Год беларускай жанчыны, ён падкрэсліў важнасць фарміравання асаблівых адносін да прадстаўніц прыгожага полу. «Дзеці бачаць, як бацька адносіцца да маці, як у цэлым у грамадстве фарміруецца стаўленне да жанчын. Калі яно дэструктыўнае, гэта ў далейшым уплывае на інстытут сям’і», — адзначыў Марк Бартан.
Арганізатарам форуму выступіла сталічная каманда BUSINESS SHARKS, якая перафармаціравала класічны падыход да афіцыйных канферэнцый, ператварыўшы 10-гадзінны інтэнсіў у інтэрактыўнае шоу.
У час панэльных дыскусій і інтэрактываў удзельніцы форуму аднагалосна вырашылі, што адным з самых галоўных, моцных і аб’яднальных слоў у Год беларускай жанчыны стала слова «мама». У сувязі з гэтым арганізатары запусцілі цёплую акцыю «Пісьмо маме», кожнай удзельніцы раздалі эксклюзіўныя памятныя паштоўкі.
Яшчэ адной яркай лакацыяй стала інтэрактыўная «Сцяна жаданняў». На працягу дня ўдзельніцы фіксавалі на ёй сваю запаветную мэту: ад маштабавання бізнесу і кар’ерных вышынь да стварэння моцнай сям’і і знаходжання ўнутранай гармоніі.
Як адзначылі арганізатары, форум, з’яўляючыся важным элементам падтрымкі дзяржаўнай палітыкі ў Год беларускай жанчыны, уносіць важкі ўклад ва ўмацаванне традыцыйных сямейных каштоўнасцей і развіццё інстытута жаночага лідарства.






