Эстафету абласных «Дажынак» Шклоў перадаў Дрыбіну
10 кастрычніка, Шклоў . Эстафету абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі» перадалі ў Шклове прадстаўнікам Дрыбінскага раёна, дзе ў 2027 годзе пройдзе наступнае свята хлебаробаў Магілёўскай вобласці,
Урачыстая цырымонія адбылася на сцэне ў час «Дажынак-2026». На сцэну запрасілі гаспадароў свята — жыхароў гасціннай Шклоўшчыны і прадстаўнікоў дрыбінскай зямлі, якія прынялі эстафету аграрнага форуму.
«Шклоў рыхтаваўся да гэтага мерапрыемства ўвесь год. Мы з гонарам, годнасцю і пачуццём адказнасці неслі дажыначны сцяг. Хочацца выказаць ад усіх жыхароў Шклоўшчыны шчырыя словы падзякі нашаму Прэзідэнту, кіраўніку дзяржавы Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку за неацэнную ўвагу і ўклад у развіццё Шклоўскага рэгіёна. А таксама старшыні абласнога выканаўчага камітэта Анатолю Міхайлавічу Ісачанку за тую падтрымку ў правядзенні, у арганізацыі «Дажынак» і гонар, які быў нам аказаны на правядзенне «Дажынак», — адзначыў старшыня Шклоўскага райвыканкама Міхаіл Крыцкі.
«Свайму калегу, старшыні Дрыбінскага раённага выканаўчага камітэта, хачу пажадаць з гонарам і годнасцю і з поўнай мерай адказнасці несці сцяг «Дажынак» і яшчэ больш упэўнена падысці да гэтага мерапрыемства ў 2027 годзе», — дадаў ён.
У сваю чаргу старшыня Дрыбінскага райвыканкама Дзмітрый Чыгір падзякаваў за аказаны давер. «Паважаны Анатоль Міхайлавіч, прыміце шчырыя словы падзякі за гэты давер, за тое, што мы зможам зрабіць наш Дрыбінскі край яшчэ прыгажэйшым. Паважаныя ўдзельнікі фестывалю, віншую вас са святам працаўнікоў вёскі. І запрашаю на дрыбінскую гасцінную зямлю, на «Дажынкi-2027», — сказаў ён.





