Грамадства

Больш за сотню дэпутатаў займаюцца лесааднаўленнем у ходзе акцыі «Дай лесу новае жыццё!»

24 кастрычніка, Вілейскі раён . Больш за сотню дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў займаюцца лесааднаўленнем у Вілейскім і Уздзенскім раёнах у ходзе рэспубліканскай добраахвотнай акцыі «Дай лесу новае жыццё!»,

На тэрыторыі Нарачанскага лясніцтва Вілейскага доследнага лясгаса сёння працуюць каля 60 дэпутатаў і работнікаў сакратарыята Палаты прадстаўнікоў на чале са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Ігарам Сергяенкам.
На ўчастку плошчай 4,5 га, які пацярпеў ад урагану 7 жніўня гэтага года, сіламі дэпутацкага корпуса будзе высаджана 18 тыс. саджанцаў.
Паводле слоў Ігара Сергяенкі, на работы па лесааднаўленні добраахвотна і з добрым настроем прыехала максімальная колькасць чалавек.

«Аб важнасці лесу ў жыцці нашай краіны гаварыць не даводзіцца. Гэта і лёгкія, як кажуць, Еўропы, гэта і драўніна, і месца адпачынку для людзей», — сказаў Ігар Сергяенка, назваўшы лес нацыянальным багаццем. Ён адзначыў, што лясы займаюць больш як 40% тэрыторыі краіны.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў таксама падкрэсліў, што пройдзе шмат гадоў, пакуль высаджаныя на гэтым месцы дрэвы вырастуць. Аднак у дэпутатаў і работнікаў сакратарыята застанецца памяць аб тым, што яны прымалі ўдзел у аднаўленні лесу.
Гаворачы аб акцыі «Дай лесу новае жыццё!», Ігар Сергяенка дадаў, што і ў цэлым вельмі добра пабываць у лесе, на прыродзе. «Мы зробім сёння максімальна, высадзім усе саджанцы, якія нам падрыхтаваны. А, можа, і больш атрымаецца», — сказаў ён.

На пасадцы саджанцаў сасны звычайнай і бярозы павіслай на ўчастку плошчай 2,2 га на тэрыторыі Уздзенскага лясгаса працуюць каля 50 чалавек ад Палаты прадстаўнікоў.
Акцыя «Дай лесу новае жыццё!», якая стартавала 17 кастрычніка, накіравана на фарміраванне беражлівага стаўлення да лясных рэсурсаў краіны, прыцягненне грамадскасці да іх адраджэння і прымнажэння. Асноўная ўвага ўдзяляецца масівам, якія пацярпелі ў выніку разбуральных ураганных вятроў, а таксама праблемным участкам, дзе праводзяцца работы па аднаўленні насаджэнняў пасля ўсыхання.
Фота Сяргея Шэлега

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»