Статус упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей павысіцца ў Беларусі — дэпутат
24 чэрвеня, Мінск . Статус упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей павысіцца ў Беларусі. Гэта прадугледжана праектам закона «Аб змяненні законаў па пытаннях дзейнасці Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь», які прыняты сёння дэпутатамі ў двух чытаннях,
«На наш погляд, унясенне гэтых змяненняў істотна павысіць статус інстытута ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей і ў канчатковым выніку паўплывае на далейшае ўдасканаленне міжэтнаканфесійных адносін у Рэспубліцы Беларусь», — сказаў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Валянцін Семяняка, каменціруючы законапраект журналістам.
У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам упаўнаважаны ажыццяўляе функцыі органа дзяржаўнага кіравання і падпарадкоўваецца Савету Міністраў, растлумачыў дэпутат. Змяненнямі, якія ўносяцца ў закон «Аб Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь», прапануецца выключыць арт. 26, які рэгулюе работу ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей. «Унясенне змяненняў дасць магчымасць ажыццяўляць гэтыя функцыі і падпарадкоўвацца непасрэдна кіраўніку нашай дзяржавы», — адзначыў ён.
Акрамя таго, прадугледжваецца, што будуць зменены некаторыя палажэнні закона «Аб беларусах замежжа».
«Унясенне гэтых змяненняў запатрабуе таксама карэкціровак шэрага ўказаў Прэзідэнта і змянення пастановы Савета Міністраў. Будзе распрацавана новае палажэнне аб упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей», — паведаміў Валянцін Семяняка.
Праект закона падрыхтаваны і ўнесены ў Палату прадстаўнікоў па даручэнні кіраўніка дзяржавы. Распрацаваны ў адпаведнасці з арт. 99 Асноўнага Закона ў рамках рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў.
Фота Віталія Піваварчыка





