Больш за 60 педагогаў будуць спаборнічаць за тытул у фінале рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года-2026»
Фота з архіва 22 чэрвеня, Мінск . Больш за 60 педагогаў будуць спаборнічаць за тытул у фінале рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства «Настаўнік года Беларусі — 2026». Аб гэтым паведаміў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай у час сустрэчы з фіналістамі, якая прайшла ў Акадэміі адукацыі,
З 22 па 26 чэрвеня ў Акадэміі адукацыі ўдзельнікі конкурсу «Настаўнік года Беларусі — 2026» пройдуць тэматычнае павышэнне кваліфікацыі. Заняткі з вядучымі спецыялістамі дадатковай адукацыі дарослых і пераможцамі мінулых гадоў дапамогуць педагогам не толькі падрыхтавацца да іспытаў, але і псіхалагічна настроіцца на барацьбу за галоўны тытул.
Аляксандр Кадлубай адзначыў, што на сустрэчы сабраліся лепшыя прадстаўнікі педагагічнай супольнасці сваіх рэгіёнаў, у кожнага з якіх праз тры месяцы з’явіцца магчымасць прадэманстраваць сваё педагагічнае майстэрства і атрымаць хрустальнага жураўля і тытул «Настаўнік года Беларусі».
«Галоўнай адметнасцю конкурсу ў гэтым годзе з’яўляецца ўдзел 63 педагогаў у фінале, такой вялікай колькасці фіналістаў ніколі не было. Конкурс будзе праведзены па дзевяці намінацыях. У параўнанні з конкурсам 2023 года з пераліку выключана намінацыя «Выхавальнік установы дашкольнай адукацыі», але дабаўлены намінацыі «Малады дырэктар установы адукацыі, якая рэалізуе адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі» і «Малады настаўнік», — расказаў намеснік міністра.
Конкурсныя мерапрыемствы вочнага этапу пройдуць з 21 па 30 верасня. 1 і 2 кастрычніка фіналісты конкурсу прымуць удзел у IX З’ездзе настаўнікаў і работнікаў адукацыі краін — удзельніц СНД, IV Міжнародным фестывалі педагагічнага майстэрства і святочным канцэрце да Дня настаўніка, дзе будзе аб’яўлена імя пераможцы конкурсу.
Для ацэнкі чацвёртага (заключнага) этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педработнікаў сфарміраваны 10 складоў журы: 9 — па намінацыях і надпрадметнае журы. У склад журы ў намінацыях уключаны вопытныя педагогі-практыкі, маючыя вопыт удзелу ў конкурсах прафесійнага майстэрства, аўтары падручнікаў, прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага складу Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта замежных моў, Акадэміі адукацыі.
Што датычыцца прыза, то пераможцу суперфіналу ўручаць сімвал конкурсу «Хрустальны журавель», дыплом пераможцы, грашовую ўзнагароду, а таксама каштоўны прыз Прэзідэнта Беларусі — легкавы аўтамабіль GEELY мадэлі EX2 у камплектацыі PRO.
Падрабязную інфармацыю можна знайсці на сайце конкурсу https://contest2026.akademy.by/ .






