Акцыя «Дай лесу новае жыццё!» пройдзе ў Беларусі з 17 па 24 кастрычніка
29 верасня, Мінск . Рэспубліканская акцыя «Дай лесу новае жыццё!» пройдзе ў Беларусі з 17 па 24 кастрычніка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі.
Кампанія накіравана на аднаўленне лясоў, якія пацярпелі ад ураганных вятроў і ўсыхання насаджэнняў. Каб прыняць удзел у акцыі, трэба звярнуцца ў лясгас ці лясніцтва. Лесагаспадарчыя ўстановы падкажуць участкі, дзе патрабуецца дапамога валанцёраў, забяспечаць неабходным пасадачным матэрыялам і інвентаром. Ад добраахвотнікаў патрабуецца толькі прыбыць на месца работы.
«З пачатку года ў выніку моцных вятроў у лясным фондзе Мінлясгаса пашкоджана 19,4 тыс. га лясных насаджэнняў, з якіх 6,9 тыс. га патрабавалі правядзення суцэльнай санітарнай высечкі (на даступных участках). Пры гэтым каля 72% пашкоджанняў сфарміравалася ў чэрвені-жніўні. У ліку найбольш пацярпелых лясгасаў — Вілейскі доследны, Жлобінскі, Бягомльскі. На ўлік насаджэнняў, якія ўсыхаюць, пастаўлена 9,4 тыс. га, што патрабуюць правядзення суцэльнай санітарнай высечкі», — адзначылі ў прэс-службе Мінлясгаса.
У 2025 годзе ў акцыі «Дай лесу новае жыццё!» прынялі ўдзел больш за 50 тыс. чалавек. Высаджана каля 18 млн лясных раслін. Новыя лясы створаны на плошчы 1,6 тыс. га, дапаўненне лясоў праведзена на 5 тыс. га.





