Унікальная спадчына. Крыж прападобнай Ефрасінні Полацкай
865 гадоў таму быў створаны Крыж прападобнай Ефрасінні Полацкай.
Гісторыя духоўнай рэліквіі
У 1161 годзе на заказ Ефрасінні майстар-ювелір Лазар Богша вырабіў для Спаскай царквы Полацкага манастыра напрастольны крыж.
Шасціканцовы крыж вышынёй 51,5 см меў кіпарысавую аснову, пакрытую 22 залатымі і 20 сярэбранымі пласцінамі, упрыгожанымі тонкім арнаментам, а таксама 20 эмалевымі абразкамі.
У сярэдзіне крыжа размяшчаліся найвялікшыя хрысціянскія святыні: кавалачкі крыжа Гасподняга з кроплямі крыві Хрыста, кавалачак каменя ад дамавіны Маці Божай, а таксама часткі мошчаў святых.
На баках зроблены завяшчальны надпіс прападобнай Ефрасінні: «Хай не выносяць яго з манастыра ніколі, і не прадаюць, не аддаюць. Калі ж не паслухаецца хто і вынесе з манастыра, хай не дапаможа яму Святы Крыж ні ў жыцці гэтым, ні ў будучым».
У XIII стагоддзі рэліквія была вывезена з манастыра, аднак праз некалькі стагоддзяў вернута ў Полацк.
У гады Вялікай Айчыннай вайны крыж бясследна знік.
Аднаўленне святыні
У 1997 годзе была адноўлена дакладная поўнаразмерная копія святыні. Яна захоўваецца ў Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры Полацка.
Для даведкі
Ефрасіння Полацкая — князёўна, манашка, ігумення манастыра Святога Спаса ў Полацку, паломніца, кананізаваная святая, асветніца і мецэнатка. Заснавала жаночы і мужчынскі манастыры, зрабіўшы Полацк цэнтрам беларускай духоўнасці.
Крыніцы: сайт Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, адкрытыя крыніцы






