Развіццё трактарабудавання ў Беларусі
З гісторыі трактарабудавання
26 мая 1946 г. заснаваны Мінскі трактарны завод*. Прадпрыемства ўзводзілася на плошчах былога авіяцыйнага завода №453, фактычна на руінах. На будаўніцтва прыязджалі спецыялісты з усяго Савецкага Саюза.
Першая машына, вырабленая на МТЗ, — гусенічны трактар »Кіравец КД-35″ (4 лістапада 1950 г. пачаты серыйны выпуск).
У 1949 г. выпушчана некалькі доследных узораў МТЗ-1 — першага колавага акучвальнага трактара, ад пачатку да канца вырабленага на заводзе (стаў асновай для серыйнай машыны МТЗ-2).
14 кастрычніка 1953 г. з канвеера сышоў першы серыйны колавы трактар МТЗ-2. Гэта машына вызначыла спецыялізацыю завода і паклала пачатак масавай вытворчасці колавых трактароў у Беларусі.
5 лістапада 1972 г. выпушчаны першы мільён трактароў (юбілейнай стала мадэль МТЗ-52).
22 лютага 2022 г. з канвеера сышоў 4-мільённы трактар (юбілейная мадэль — BELARUS-2022).
Трактарабудаванне сёння
Беларусь уваходзіць у топ-15 краін — экспарцёраў трактароў у свеце. Удзельная вага тэхнікі BELARUS у агульнай вытворчасці колавых трактароў у СНД — 75%.
Лінейка беларускіх трактароў — больш за 200 мадэлей і мадыфікацый.
Зараз праходзяць выпрабаванні самы магутны ў краіне энерганасычаны трактар BELARUS-5425 (8-га цягавага класа магутнасцю 542 л.с.).
Цікавы факт
За рулём першага МТЗ-2 быў трактарыст эксперыментальнага цэха былы франтавік М.Вялічкін. Машыну плаўна спусцілі з канвеера, пасля чаго яна зрабіла ганаровы круг каля будынка. МТЗ-2 выпускаўся да 1957 г., усяго было сабрана 43 979 адзінак. Самы першы МТЗ-2 працаваў у калгасе «Бальшавік» Капыльскага раёна да 1971 г.
* Пастанова Савета Міністраў СССР №1142 «Аб будаўніцтве Мінскага трактарнага завода».
Крыніцы: МТЗ, адкрытыя крыніцы.






