Сергяенка: беларусы жывуць у мірнай і спакойнай краіне, дзе вялікая ўвага ўдзяляецца мацярынству і дзяцінству
1 чэрвеня, Мінск . Беларусы жывуць у мірнай і спакойнай краіне, дзе вялікая ўвага ўдзяляецца мацярынству і дзяцінству, сказаў журналістам старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка пасля наведвання РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі з нагоды Міжнароднага дня аховы дзяцей,
Гаворачы аб мэце гэтага міжнароднага свята, якое было заснавана ў Парыжы рашэннем кангрэса Міжнароднай дэмакратычнай федэрацыі жанчын у лістападзе 1949 года, — звярнуць увагу на важнасць шчаслівага дзяцінства, праблемныя пытанні, з якімі сутыкаюцца дзеці па ўсім свеце, старшыня Палаты прадстаўнікоў падкрэсліў, што актуальнасць гэтага дня захоўваецца і сёння: у свеце неспакойна, недзе грымяць выбухі, снарады, гінуць дзеці.

Разам з тым, заўважыў спікер, у мірнай і спакойнай Беларусі ўдзяляюць значную ўвагу ахове мацярынства і дзяцінства.
«Мы, беларусы, сёння жывём у мірнай, спакойнай, працавітай краіне, дзе ўдзяляецца ўвага дзяцінству і мацярынству, — адзначыў Ігар Сергяенка. — Узровень развіцця грамадства і яго маральнасці залежыць ад адносін да жанчыны, дзіцяці, пажылога чалавека. І вось гэтыя тры катэгорыі ў нас даволі сур’ёзна абаронены».

Што датычыцца пытанняў удасканалення заканадаўства ў сферы аховы дзяцінства, спікер падкрэсліў, што ў Беларусі ў штодзённым жыцці рэалізуюцца адпрацаваныя часам нормы. Цяпер можна весці размову толькі аб кропкавым удасканаленні заканадаўства.
«Усе пытанні, якія звязаны і з арганізацыяй вучэбнага працэсу ў школах, вышэйшых навучальных установах, пытанні, звязаныя з адпачынкам дзяцей у летні час, вырашаюцца мясцовымі выканаўчымі органамі ў адпаведнасці з распрацаванымі праграмамі», — адзначыў Ігар Сергяенка. 
Сур’ёзная ўвага, паводле яго слоў, удзяляецца захаванню дзіцячага здароўя. «Мы пабывалі сёння ў цэнтры і ўбачылі, наколькі магутная тут навуковая база. Гэта, па сутнасці, сплаў навукі і медыцынскай практыкі. Спецыялісты робяць цуды, аднаўляючы здароўе дзяцей», — сказаў спікер.
Так, дзякуючы ўпартасці, ведам, вопыту і старанням усяго медыцынскага персаналу, псіхалагічнай падтрымцы дзіця змагаецца з хваробай, папраўляецца і вяртаецца да штодзённага жыцця, звярнуў увагу Ігар Сергяенка.

«На такіх прыкладах, як тут, мы бачым, якую ўвагу сёння ўдзяляе наша дзяржава здароўю дзяцей у шырокім сэнсе слова, а таксама пытанням выхавання, навучання», — сказаў ён, заўважыўшы, што для пацыентаў РНПЦ арганізаваны індывідуальны вучэбны працэс. «Гэта значыць фактычна мы гаворым аб комплексным падыходзе да абароны правоў, стварэнні ўмоў для жыцця дзіцяці, для вучобы, для выздараўлення», — дадаў спікер.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў паведаміў, што ў гэтым годзе на тэрыторыі цэнтра плануецца завяршыць будаўніцтва новага корпуса, у якім размесцяцца, у прыватнасці, аперацыйная і лабараторыя. Гэта будзе садзейнічаць ранняй дыягностыцы, пастаноўцы больш дакладнага дыягназу, адпаведна назначэнню своечасовага лячэння.






