Поезд з Анапы ў Мінск ідзе змененым маршрутам
Фота з архіва 26 верасня, Мінск . Поезд з Анапы ў Мінск ідзе змененым маршрутам, паведамілі БЕЛТА ў прэс-цэнтры БЧ.
«Паводле аператыўнай інфармацыі, якая паступіла ад ААТ «РЧ», па тэхнічных прычынах 26 верасня поезд №489 Анапа — Мінск адпраўленнем з Анапы 24 верасня ў 21.32 і прыбыццём у Мінск 26 верасня ў 17.10 будзе рухацца змененым раскладам і маршрутам праз станцыі Смаленск, Орша-Цэнтральная да Мінска», — расказалі ў прэс-цэнтры.
Для дастаўкі пасажыраў, якія раней купілі праязныя дакументы ад станцый участка Гомель — Мінск, будзе назначаны поезд №691 Гомель — Мінск з прыпынкамі поезда №489 Анапа — Мінск адпраўленнем у 12.53.
Для дастаўкі пасажыраў, якія едуць у складзе поезда №489 Анапа — Мінск ад станцый Расійскай Федэрацыі да станцый участка Гомель — Асіповічы, будзе назначаны поезд №692 Мінск — Гомель, расклад якога аб’явяць дадаткова.
«Час прыбыцця поезда №489 Анапа — Мінск на канчатковую станцыю Мінск-Пасажырскі таксама прапрацоўваецца з расійскім бокам і будзе аб’яўлены дадаткова. Больш падрабязную інфармацыю аб часе прыбыцця і адпраўлення гэтых паяздоў можна даведацца ў кантакт-цэнтры БЧ па тэлефоне 105», — праінфармавалі ў прэс-цэнтры.
У БЧ просяць з разуменнем аднесціся да сітуацыі, што склалася, і просяць прабачэння за прычыненыя нязручнасці.
Паводле інфармацыі, якая паступіла ад РЧ, поезд паступіць на Беларускую чыгунку ў 12.20 і пройдзе па тэрыторыі Беларусі праз станцыю Орша-Цэнтральная (замест станцыі Гомель). У Мінск поезд прыбудзе ў 16.01 (замест 17.10).
Поезд №692 Мінск — Гомель, дадаткова назначаны для дастаўкі пасажыраў, якія едуць у складзе поезда №489 Анапа — Мінск ад станцый Расійскай Федэрацыі да станцый участка Гомель — Асіповічы, адправіцца са станцыі Мінск-Пасажырскі ў 17.06 і прыбудзе ў Гомель у 21.25.
Для пасажыраў поезда №692 Мінск — Гомель будзе арганізавана харчаванне ў дарозе.





