Мінэканомікі прапануе абмеркаваць карэкціроўку пералікаў відаў дзейнасці для ІП і самазанятых
Фота з архіва 23 лістапада, Мінск . Міністэрства эканомікі аб’явіла аб пачатку грамадскага абмеркавання карэкціровак пералікаў відаў дзейнасці, дазволеных для індывідуальных прадпрымальнікаў і ў якасці самастойнай прафесійнай дзейнасці. Праект пастановы Савета Міністраў апублікаваны на Прававым форуме Беларусі, паведамілі ў прэс-службе Мінэканомікі.
Як раней адзначаў першы намеснік міністра эканомікі Іван Вежнавец, размова ідзе аб данастройцы існуючага механізма: больш з пункту гледжання дазволу пэўных відаў дзейнасці, чым іх абмежаванняў.
Азнаёміцца са змяненнямі, якія прапануюцца, і пакінуць свае заўвагі і прапановы можна ў спецыяльнай тэме на Прававым форуме Беларусі з 23 лістапада па 3 снежня 2026 года.
«Запрашаем усіх зацікаўленых прыняць удзел у грамадскім абмеркаванні. Кожная аргументаваная прапанова будзе пачута і ўлічана», — адзначылі ў Мінэканомікі.
Паводле інфармацыі Нацыянальнага прававога інтэрнэт-партала, асноўныя карэкціроўкі адносна індывідуальных прадпрымальнікаў, у прыватнасці, закранаюць замацаванне ўказання на права ІП-вытворцы рэалізоўваць тавары ўласнай вытворчасці суб’ектам гаспадарання, дапаўненне пераліку дробным рамонтам прагулачных і спартыўных лодак, выключэнне з пераліку дзейнасці па вырошчванні тытуню і лубяных культур.
Што датычыцца самазанятых, у пералік уключаецца дзейнасць па стварэнні і распаўсюджванні пры дапамозе інтэрнэт-рэсурсаў без аказання іншых паслуг аўтарскіх тэкставых, візуальных, фота-, відэа-, аўдыя-, аўдыявізуальных або іншых паведамленняў і (або) матэрыялаў, а таксама дзейнасць па заказах спажыўцоў, звязаная з віншаваннем з днём нараджэння, Новым годам і іншымі святамі. У пункт аб рэалізацыі кветак, жывёл, кандытарскіх вырабаў і гатовай кулінарнай прадукцыі дабаўлена дзейнасць па рэалізацыі вырашчаных у дамашніх умовах вазонаў і іх расады. Акрамя таго, пункт, які датычыцца мадэлявання розных прадметаў, пагрузкі (разгрузкі) грузаў, зборкі мэблі, дапоўнены ўказаннем на магчымасць аказання такіх паслуг выключна спажыўцам.





