Аптымізацыя, кантроль, лагістыка і кадры ў АПК. Каткавец раскрыла дэталі даклада Прэзідэнту
Надзея Каткавец 23 верасня, Магілёўскі раён . Аптымізацыя арганізацыйнай структуры аграпрадпрыемстваў, укараненне дакладных тэхналагічных рэгламентаў у жывёлагадоўлі і ўзмацненне кантролю за выкарыстаннем тэхнікі сталі тэмамі даклада кіраўніку дзяржавы памочніка Прэзідэнта — інспектара па Магілёўскай вобласці Надзеі Каткавец,
Паводле яе слоў, размова з Аляксандрам Лукашэнкам атрымалася вельмі грунтоўнай. Асаблівая ўвага была ўдзелена пытанням тэхналагічнага і арганізацыйнага ўладкавання сельскагаспадарчых арганізацый.
Яна падкрэсліла, што калі ў раслінаводстве паслядоўнасць дзеянняў (узворванне, унясенне угнаенняў, сяўба) даўно адпрацавана, то ў жывёлагадоўлі патрэбны не менш строгі падыход. Сучасная галіна пераходзіць ад дробных ферм да буйных малочнатаварных комплексаў, дзе прасцей забяспечыць дысцыпліну і якасць. «Адыходзім ад адзіночных ферм, дзе няма тэхналогій, людзей, дзе цяжка сачыць за дысцыплінай і парадкам. Усё больш і больш пагалоўя, у тым ліку і буйной рагатай жывёлы, пераводзяць на малочнатаварныя комплексы. Там можна правільна выбудаваць тэхналогію, каб быць упэўненым у рэзультатах», — растлумачыла Надзея Каткавец.
У якасці прыкладу яна прывяла работу ААТ «Гавяды-агра». Тут выбудавана строгая сістэма гадоўлі маладняку. Цяляты да трох месяцаў знаходзяцца ў індывідуальных доміках, а далей падзяляюцца па полу. Для цялушак існуе строгі рэгламент: сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе не павінна перавышаць 750-800 г, інакш з жывёлы не атрымаецца высокапрадукцыйнай каровы. Надзея Каткавец растлумачыла, што цялушак асемяняюць ва ўзросце 14-15 месяцаў пры дасягненні тэхналагічнага прыбаўлення ў вазе. У выніку праз 7-10 месяцаў пагалоўе ацеліцца, што дазваляе атрымаць высокапрадукцыйную карову і стабільную колькасць малака.
Такі падыход дазваляе кіраўніцтву гібка кіраваць статкам: пры пастаноўцы на ўлік дзвюх новых цялушак або кароў першага цялення гаспадарка атрымлівае права рэалізаваць на мясакамбінат адну нізкапрадукцыйную карову. Гэта садзейнічае пастаяннаму абнаўленню і аздараўленню статка.
Не менш важнымі застаюцца кадравыя пытанні і лагістыка. Сельскае насельніцтва скарачаецца, таму эфектыўнасць работы павінна дасягацца за кошт арганізацыі працэсаў, а не павелічэння колькасці работнікаў, лічыць Надзея Каткавец. Яна прывяла прыклад узбуйнення: да ААТ «Гавяды-агра» далучылі яшчэ чатыры сельгасарганізацыі. Агульная плошча зямель перасягнула 11 тыс. га, з якіх 8,5 тыс. га — ворыва. Адлегласць ад аднаго краю прадпрыемства да другога складае каля 40 км, што для новай высокапрадукцыйнай тэхнікі не з’яўляецца праблемай з пункту гледжання магчымасцей, аднак ператвараецца ў істотныя затраты. Калі штодзень пераадольваць 80 км (40 км туды і назад), то за 10 дзён набягае 800 км толькі на пераезды. «Няцяжка падлічыць, якая колькасць дызельнага паліва неабходна толькі для таго, каб даехаць да канкрэтнага поля, не гаворачы аб тым, што там трэба выконваць пэўны аб’ём работ. Вось што непакоіць кіраўніка дзяржавы — аптымізацыя і скарачэнне затрат на ўсіх этапах», — акцэнтавала ўвагу Надзея Каткавец.
Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу дэталёва разабрацца з арганізацыяй работы на месцах, каб выключыць халастыя прабегі тэхнікі і нерацыянальнае выкарыстанне рэсурсаў. Пры гэтым роля чалавечага фактару і кантролю не змяншаецца, а трансфармуецца. «Кантроль быў, ёсць і застанецца пры любой сітуацыі, — дадала яна. — Кантроль за нормай высявання, за нормай унясення мінеральных угнаенняў, за глыбінёй забараноўвання насення, іншымі тэхналагічнымі момантамі. Сёння не ўсе нашы механізатары падрыхтаваны да такога падыходу. Акрамя таго, не на кожным трактары, не на кожнай сельскагаспадарчай машыне гэтыя опцыі ёсць».
Для вырашэння гэтых праблем у Магілёўскай вобласці прапануецца ствараць вытворчыя ўчасткі, набліжаныя да палёў, як гэта раней практыкавалася ў саўгасе «Гарадзец» Шклоўскага раёна (ЗАТ «ААБ-Агра Гарадзец». — Заўвага ). Аднак капіраваць мінулы вопыт не трэба. «Гэта тая тэма, тая гаспадарка (ААТ «Гавяды-Агра». — Заўвага ), з якой мы ўжо канкрэтна разбіраемся. І мы бачым, што ў гэтай сельскагаспадарчай арганізацыі зусім не трэба рабіць колькасць вытворчых участкаў па колькасці далучаных сельскагаспадарчых арганізацый. Таму што ёсць высокапрадукцыйная тэхніка, на якой устаноўлена GPS-навігацыя. Інакш кажучы, гэта ўжо іншыя формы і метады кантролю за відамі работ, якія выконваюцца», — растлумачыла Надзея Каткавец.
Аптымальным рашэннем стала стварэнне мінімум двух вытворчых участкаў у рамках узбуйненай гаспадаркі. Гэта дазваляе канцэнтраваць тэхніку бліжэй да аб’ектаў. Калі работы вядуцца за 20-30 км ад базы, тэхніку можна пакідаць на начоўку на мясцовых жывёлагадоўчых комплексах, дзе ёсць ахова. Раніцай бензавоз запраўляе машыны, і механізатары адразу пачынаюць выкананне задач, не затрачваючы час на дарогу з цэнтра.
Пры гэтым важна размежаваць абавязкі. Аграном або галоўны тэхнолаг павінны займацца стратэгічнымі пытаннямі: разлікам севазвароту, норм унясення ўгнаенняў, закупкамі. А непасрэдны кантроль за работай кожнага механізатара павінен ажыццяўляць чалавек, максімальна набліжаны да работніка на месцы. «Разлік севазвароту, норм унясення ўгнаенняў, набыццё ўгнаенняў, насення і гэтак далей — работа на перспектыву», — рэзюмавала памочнік Прэзідэнта.

Фота Алега Файніцкага






