У калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея з’явіўся слуцкі пояс пачатку XIX стагоддзя
Фота Міністэрства культуры 23 мая, Мінск . У калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея з’явіўся слуцкі пояс пачатку ХІХ стагоддзя, створаны на легендарнай Радзівілаўскай мануфактуры (1807-1818 гг.). Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Міністэрства культуры.
«Гэта чатырохбаковы, поўны кунтушовы пояс памерам 460×35 см з арыгінальнымі махрамі. Ён вытканы з шоўку, сярэбраных і пазалочаных нітак. На «галовах» пояса — парныя кветкавыя кусты, а сярэднік упрыгожаны рытмічнымі палосамі з расліннымі галінкамі, разеткамі і аваламі. Бардзюры запоўнены S-падобнымі сцяблінамі з кветкамі. Каларыт вырабу будуецца на спалучэнні сярэбранага фону з арнаментам з дэкаратыўных парасткаў бэжавага, блакітнага, ружовага і адценняў карычневага колеру», — расказалі ў міністэрстве.
Асаблівая дэталь — тканыя меткі кірыліцай «ФКСР» і «СЛУЦКЪ» (верагодна, «фабрыка княжацкая слуцкая Радзівілаўская»).
Да гэтага ў зборы музея не было прадметаў гэтага перыяду.
Дзякуючы набыццю пояса, у экспазіцыі мастацкага музея будзе выбудавана храналагічная лінія развіцця слуцкай мануфактурнай вытворчасці.






