Грамадства

Тысячы чалавек прынялі ўдзел у мітынгу-рэквіеме ў Брэсцкай крэпасці 

22 чэрвеня, Брэст . У мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» тысячы чалавек сталі ўдзельнікамі мітынгу-рэквіема, прысвечанага Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа, Зварот Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі зачытаў старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка. У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Наталля Пяткевіч, старшыня Дзяржаўнай думы Расіі Вячаслаў Валодзін, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Брэсцкай вобласці Аляксандр Ломскі, а таксама прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў, замежныя дэлегацыі, у тым ліку ўдзельнікі другога міжнароднага форуму Саюзнай дзяржавы «Вялікая спадчына — агульная будучыня». Пранізлівым акордам мітынгу-рэквіема стала вакальна-харэаграфічная кампазіцыя «Свяшчэнная вайна» ў выкананні беларускіх і расійскіх калектываў. Атмасфера на сцэне адсылала гледачоў да падзей 85-гадовай даўнасці: перажытых шоку і страху, болю страт, нязломнай мужнасці. У Вялікай Айчыннай вайне савецкі народ пацярпеў каласальныя страты. У Беларусі загінуў кожны трэці. Першымі націск фашыстаў 22 чэрвеня 1941 года прынялі байцы пагранічных застаў. У памяць аб адвазе папярэднікаў цяперашняе пакаленне воінаў у зялёных фуражках па традыцыі запалілі факел ад Вечнага агню ў Брэсцкай крэпасці і свечкі на вянках, якія апусцілі ў воды ракі Буг. Ваеннаслужачыя ўсклалі гірлянды да пліт мемарыяла, а маладыя людзі паставілі лампадкі.
У памяць аб усіх, хто сутыкнуўся з жахамі Вялікай Айчыннай вайны, прысутныя ўсклалі кветкі да Вечнага агню і пліт некропаля. Была аб’яўлена мінута маўчання. «Мы з удзячнасцю, з захапленнем подзвігам абаронцаў Брэсцкай крэпасці, са смуткам успамінаем першы дзень вайны. Успамінаем наступныя дні і месяцы, якія прынеслі вялікую трагедыю на нашу зямлю, але разам з тым паказалі з’яднанасць народа і прывялі да Вялікай Перамогі. Сёння мы гаворым пра ўдзячную памяць», — сказаў мітрапаліт Веніямін. Ён дадаў, што нашчадкам мужных продкаў важна не толькі памятаць пра іх подзвіг, але і захаваць адзінства і дружбу народаў. На завяршэнне цырымоніі ваеннаслужачыя Брэсцкага гарнізона, праваахоўнікі, работнікі МНС прайшлі ўрачыстым маршам па плошчы Цырыманіялаў. 
Фота Віталя Піваварчыка, Віялеты Южаковай

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»