Грамадства

Трагедыя, якую нельга забыць: у Нацбібліятэцы прадставілі выстаўку аб генацыдзе беларускага народа

22 чэрвеня, Мінск . У Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылася кніжная выстаўка «Трагедыя і праўда памяці: генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны»,

Больш за 80 кніг, брашур і часопісных публікацый расказваюць аб трагедыі, якая закранула практычна кожную беларускую сям’ю. За архіўнымі дакументамі, навуковымі даследаваннямі і ўспамінамі відавочцаў — лёсы людзей, знішчаных у лагерах смерці, расстраляных у час карных аперацый, загінулых у агні спаленых вёсак.

«Гэта выстаўка — паклон і даніна павагі кожнаму, хто бязвінна загінуў у тыя вогненныя гады. Спаленым у вёсках, закатаваным у лагерах, расстраляным у ярах, тым, каго назаўсёды паглынула зямля, палітая крывёй. Мы схіляем галовы перад памяццю ахвяр і перад стойкасцю тых, хто выжыў», — расказала супрацоўнік галерэйна-выставачнага аддзела сектара арганізацыі кніжных выставак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Надзея Кірчанка.
Асаблівую каштоўнасць уяўляюць унікальныя выданні першых пасляваенных гадоў — «Дакументы абвінавачваюць» і «Зборнік паведамленняў Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі аб злачынствах нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Яны сведчаць аб тым, што работа па ўстанаўленні і дакументаванні злачынстваў нацыстаў пачалася яшчэ да заканчэння вайны.

Экспазіцыя выбудавана як своеасаблівы маршрут памяці. Першы раздзел — «Генацыд беларускага народа: ад нарматыўных дакументаў да трагедыі» — паказвае, што знішчэнне насельніцтва было не выпадковасцю вайны, а часткай загадзя спланаванай палітыкі нацысцкай Германіі.
«Наведвальнікі змогуць убачыць, як злачынныя планы былі замацаваны ў дакументах і якім страшным рэхам яны адгукнуліся на беларускай зямлі. Размова ішла аб высяленні, знішчэнні большай часткі насельніцтва і гвалтоўнай асіміляцыі астатніх людзей», — адзначыла Надзея Кірчанка.

Асобныя раздзелы прысвечаны самым трагічным старонкам гісторыі акупіраванай Беларусі. Выданні аб лагеры смерці Трасцянец, Азарыцкім лагеры і іншых месцах масавай гібелі людзей прадстаўлены ў раздзеле «Трагічныя кропкі на карце Беларусі». Пра лёс знішчаных населеных пунктаў расказвае тэматычны блок «Спаленыя вёскі: тактыка «выпаленай зямлі».
Не менш моцнае ўражанне робіць раздзел «Лагеры смерці і гета», прысвечаны памяці соцень тысяч яўрэяў, якія сталі ахвярамі нацысцкага генацыду. У раздзеле «Карныя аперацыі: планамернае знішчэнне мірнага насельніцтва» сабраны матэрыялы аб карных акцыях, якіх на тэрыторыі Беларусі было праведзена не менш як 187.

«Мы пастараліся паказаць не толькі статыстыку і дакументы, але і чалавечыя гісторыі. Таму на выстаўцы прадстаўлены ўспаміны відавочцаў, былых партызан, дзяцей вайны. Менавіта такія сведчанні дапамагаюць больш глыбока зразумець маштаб трагедыі», — падкрэсліла субяседніца.

Завяршае экспазіцыю раздзел «Праз пакаленні: даніна павагі і ўсенародная памяць». У ім прадстаўлены сучасныя навуковыя і дакументальныя выданні, падрыхтаваныя на аснове матэрыялаў крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа, расследаванне якой Генеральная пракуратура Беларусі пачала ў 2021 годзе.
Паводле слоў Надзеі Кірчанкі, выстаўка адрасавана самаму шырокаму колу наведвальнікаў — даследчыкам, педагогам, музейным работнікам, студэнтам і ўсім, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі.

«Памяць аб генацыдзе беларускага народа — гэта не толькі памяць аб мінулым. Гэта адказнасць перад будучымі пакаленнямі, якія павінны ведаць праўду аб падзеях тых гадоў і разумець цану міру», — рэзюмавала яна.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»