Што рабіць з будаўнічым смеццем пасля рамонту? Растлумачылі ў МЖКГ
Фота з архіва 19 чэрвеня, Мінск . Што рабіць з будаўнічым смеццем пасля рамонту, расказалі БЕЛТА ў Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
У ведамстве падкрэслілі, што будаўнічыя адходы, якія ўтварыліся пасля рамонту (шпалеры, тынкоўка, вокны, дзверы, керамічная плітка, фарба) павінны збірацца асобна. Іх можна пакінуць на спецыяльных пляцоўках для збору буйнагабарытных адходаў, часам для іх збору ўстанаўліваюць асобныя бункеры. Катэгарычна забараняецца выкідваць будаўнічыя адходы ў кантэйнеры для змешаных другасных рэсурсаў або для звычайнага камунальнага смецця.
«Калі вы не ведаеце, дзе размешчана бліжэйшае дазволенае месца для такіх адходаў, звярніцеся ў ЖЭС або зрабіце запыт праз службу 115», — звярнулі ўвагу ў МЖКГ.
У нарматыў утварэння камунальных адходаў не ўключаюцца будаўнічыя адходы, якія ўтвараюцца пры ўзвядзенні будынкаў, іх рэканструкцыі, мадэрнізацыі, зносе, перапланіроўцы і пераўладкаванні (астаткі бетонных перакрыццяў, сценавыя блокі, бэлькі, астаткі фундамента, застылы раствор, бой цэглы). Такія адходы забаронена размяшчаць на пляцоўках для буйнагабарытных адходаў. Для іх вывазу трэба заказваць асобную паслугу ў спецыялізаваных арганізацый.
Для жыхароў новабудоўляў на працягу трох гадоў з даты ўводу дома ў эксплуатацыю для вывазу будаўнічых адходаў трэба заключаць асобныя дагаворы на іх вываз. Гэта звязана з правядзеннем масавых рамонтаў у новабудоўлях і ўтварэннем вялікага аб’ёму будаўнічых адходаў, які значна перасягае нарматыў. Пры гэтым на працягу трох гадоў для такіх катэгорый грамадзян плата за паслугу па абыходжанні з камунальнымі адходамі будзе зніжана за кошт выключэння з яе нарматыву ўтварэння будаўнічых адходаў.






