Грамадства

У вёсцы будучыні медыцына — адзін з галоўных прыярытэтаў. Новы будынак амбулаторыі адкрылі ў Гаранах

4 ліпеня, Полацкі раён . Трэба рабіць усё, каб сёння людзі ў вёсцы жылі шчасліва. Аб гэтым журналістам сказала старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава на адкрыцці новага будынка, дзе будзе размяшчацца Гаранская амбулаторыя ўрача агульнай практыкі,

Візіт Наталлі Качанавай у Полацкі раён пачаўся з удзелу ў цырымоніі ўскладання кветак да помніка «Вызваліцелям Полацка», які 4 ліпеня ў 1944 годзе быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Каля манумента заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны тэатр «Пілігрым» прадставіў літаратурна-дакументальную кампазіцыю «Жанчынам Вялікай Айчыннай прысвячаецца», заснаваную на дакументах, архіўных даных, расказах сведак і ўдзельнікаў тых падзей.

На адкрыцці амбулаторыі Наталля Качанава павіншавала жыхароў аграгарадка Гараны са свяшчэнным святам для кожнага беларуса — Днём Незалежнасці. На мерапрыемстве было адзначана, што Прэзідэнт паставіў задачу — стварыць вёску будучыні, дзе жыццё ні ў чым не будзе ўступаць гарадскому, а медыцына — адзін з галоўных прыярытэтаў.

«На другім пасяджэнні VII Усебеларускага народнага сходу былі вызначаны стратэгічныя напрамкі развіцця нашай краіны. Адзін з ключавых — моцныя рэгіёны. Аб гэтым гаварыў Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, калі праводзіў нараду з актывам Віцебскай вобласці. Быў зроблены асаблівы акцэнт — Віцебская вобласць павінна развівацца. Перш чым ён пачаў нараду, сказаў: «Захаваем вёску — захаваем краіну». Таму сёння трэба рабіць усё, каб людзі тут жылі і працавалі. А будуць жыць і працаваць толькі тады, калі будуць нармальныя ўмовы — работа, дастойная заработная плата, магчымасць наведваць дзіцячыя дашкольныя ўстановы, установы адукацыі, атрымліваць медыцынскую дапамогу. Трэба рабіць усё, каб сёння людзі ў вёсцы жылі шчасліва, тады наша краіна будзе яшчэ больш паспяховай», — сказала Наталля Качанава.

Новую прапіску амбулаторыя атрымала ў цэнтры аграгарадка ў прасторным памяшканні. Раней яна размяшчалася ў будынку пасляваеннай пабудовы. На яе абслугоўванні знаходзіцца 51 населены пункт, на ўліку знаходзяцца 1824 чалавекі, у тым ліку 271 непаўналетні. У складзе — фізіятэрапеўтычны, стаматалагічны, генекалагічны, працэдурны кабінеты, кабінет прыёму ўрача агульнай практыкі і кабінет прыёму дзіцячага насельніцтва. Арганізавана работа дзённага стацыянара на 2 ложкі і стацыянара дома за кошт бюджэтных сродкаў. На тэрыторыі Гаранскага сельскага выканаўчага камітэта, згодна з графікам, працуе перасовачны фельчарска-акушэрскі пункт. Таксама праводзіцца флюараграфічнае абследаванне насельніцтва на туберкулёз перасовачным рэнтгена-камп’ютарным кабінетам «Пульмаэкспрэс». Работнікі амбулаторыі выязджаюць у аддаленыя вёскі, дзе ажыццяўляюць забор аналізаў, запіс ЭКГ. На тэрыторыі, якая абслугоўваецца, знаходзяцца ААТ «Новыя Гараны», СУП «П-С Карпекі», Гаранскае лясніцтва, Гаранская сярэдняя школа Полацкага раёна, дзве дзіцячыя дашкольныя ўстановы.

«Цяпер будзе зручней дабірацца да амбулаторыі. У мяне двое дзяцей — 10-гадовы сын і 6-гадовая дачка, даволі часта трэба звяртацца па медыцынскую дапамогу», — сказала мясцовая жыхарка Настасся Сідарэнка. «Рады адкрыццю амбулаторыі, чакалі гэтага моманту. Кабінеты ўрача агульнай практыкі, стаматалагічны, дзіцячы асабліва запатрабаваны», — дадала Тамара Міхальчанкава.

Як адзначыў старшыня Полацкага райвыканкама Васіль Шылаў, рэгіён далей будзе развівацца. «Сёння будуюцца не толькі сацыяльныя аб’екты, але і прамысловыя. Да канца бягучага года дзякуючы падтрымцы Прэзідэнта адкрыецца новы малаказавод, інвестыцыі — больш за 300 млн рублёў. На ім будзе працаваць да 900 чалавек», — расказаў ён.

Наталля Качанава таксама паразмаўляла з мясцовымі жыхарамі, сказаўшы, што можна звяртацца да яе па дапамогу, наведала магазіны аграгарадка, азнаёмілася з іх асартыментам.
Фота Аляксандра Хітрова

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»