Смачны брэнд Беларусі. У Воранаве адкрылі культурна-адукацыйны цэнтр «Беларускi дранiк»
Фота з архіва 22 жніўня, Воранаўскі раён . Культурна-адукацыйны цэнтр адкрылi ў Воранаве ў дзень правядзення бульба-фэсту «Воранаўскi дранiк»,
Чырвоную стужку каля ўвахода ў цэнтр перарэзалі старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, старшыня Воранаўскага райвыканкама Аляксандр Часнойць, дырэктар раённага цэнтра культуры Ірына Камінская.
У некалькіх залах можна даведацца пра гісторыю з’яўлення бульбы на беларускай зямлі, атрымаць інфармацыю аб сартах, якія вырошчваюцца ў гаспадарках раёна, азнаёміцца са шматлікімі рэцэптамі страў з дранай бульбы і жыхарамі Воранаўшчыны, якія захавалі ўнікальныя спосабы гатавання бульбы і данеслі іх да нашага пакалення. І, вядома, пакаштаваць гэтыя беларускія далікатэсы ў дэгустацыйнай зале, якая стылізавана пад сялянскую кухню. Галоўная страва на дэгустацыйным стале, вядома ж, знакамітыя «нацкія дзеруны» — унікальны рэцэпт з вёскі Нача. Яны гатуюцца з бульбы, дранай на вялікай тарцы, да іх дабаўляюцца белыя грыбы, яйкі, смятана і крыху мукі. Абсмажаныя блінцы запякаюцца ў печы ў гаршках у сметанковым соусе.
Як расказала намеснік дырэктара абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Наталля Рамановіч, унікальны рэцэпт «нацкiх дзеруноў» па праву стаў састаўной часткай дасье, якое перададзена на папярэдні разгляд у камісію ЮНЕСКА для ўнясення ў Спіс сусветнай спадчыны. Таму Воранаўскі раён не выпадкова стаў сталіцай драніка і годна спраўляецца з гэтай місіяй.
«Цэнтр пачне актыўна працаваць з 1 верасня, калі стартуе навучальны год і дзеці да нас пачнуць прыходзіць цэлымі класамі, — расказала Ірына Камінская. — Мы лічым важным вучыць маленькіх жыхароў раёна мясцовым кулінарным традыцыям, каб яны адчувалі сябе часткай многіх пакаленняў беларусаў, якія стагоддзі жылі на гэтай зямлі. Вядома, разлічваем, што цэнтр стане месцам прыцягнення турыстаў, ён уключаецца ў турыстычныя маршруты. А самай галоўнай задачай лічым захаванне нашых беларускіх народных традыцый, «спадчыны» нашай Воранаўшчыны».


Стравы з дранай бульбы, якія гатуюць у Воранаўскім раёне, унесены ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. А галоўнае ж тое, што яны не сталі проста часткай гісторыі, яны жывуць, з’яўляюцца на кожным стале, карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў турыстаў і сталі сапраўдным смачным брэндам нашай Беларусі.
Фота Леаніда Шчаглова




