Грамадства

Шчыт «Марыя» пачаў работу па пракладцы тунэля Зеленалужскай лініі мінскага метро

27 мая, Мінск . Новы тунэлепраходчы механізаваны комплекс «Марыя» пачаў работу. Ён будзе пракладваць тунэль на ўчастку Зеленалужскай лініі Мінскага метрапалітэна,
Падрыхтоўчыя работы па зборцы і наладцы новага комплексу занялі амаль паўтара месяца. Генеральны дырэктар УП «Мінскметрабуд» Васіль Касавец адзначыў, што ўсё ішло згодна з планам і ніякіх форс-мажораў не ўзнікла. «З сённяшняга дня мы пачынаем пракладку. Пачатак работы вельмі павольны, што мы ўжо ведаем па вопыце з «Алесяй». Усе шчыты працуюць так, паколькі вага складае 500 т, і неабходна ювелірна наблізіцца да сцяны, каб пазбегнуць удару. Нашы спецыялісты — прафесіяналы і выконваюць усе меры засцярогі. У чэрвені мы плануем прайсці 100 м — шчыт будзе поўнасцю пагружаны ў зямлю», — падзяліўся ён.
Пасля гэтага «Марыю» яшчэ раз правераць, падключаць тэхналагічныя цялежкі і матавоз для вывазу грунту. «Унутры катлавана будуць збудаваны часовыя шляхі для адкаткі, каб падаваць кольцы тунэля і вывозіць грунт. Пасля праходжання 100 м скорасць будзе павялічана, і ў ліпені мы зможам разганяць шчыт да 250 м у месяц», — дадаў Васіль Касавец.

«Стартуем ад пляцоўкі каля парку Дружбы народаў і рухаемся да будучай станцыі «Камароўская». Далей — да скрыжавання вуліцы Максіма Багдановіча і праспекта Машэрава, дзе цяпер знаходзіцца «Алеся». Потым будзе паварот тунэляў направа да гасцініцы «Беларусь». Ад яе пойдзем да 
Свіслачы і праз праспект Пераможцаў — да адміністрацыі Цэнтральнага раёна на вуліцы Мельнікайтэ. Там будзе збудаваны катлаван для дэмантажу шчытоў і злучэння з дзеючым метрапалітэнам», — расказаў гендырэктар.

Спецыялістаў для кіравання «Марыяй» вучылі адразу пасля прыняцця рашэння аб набыцці другога комплексу. «Навучанне праходзіла на «Алесі»: спачатку праходка ажыццяўлялася ў суправаджэнні вопытных супрацоўнікаў тунэльнага атрада, потым была сфарміравана асобная змена для самастойнай работы. Унутры гэтай групы адбывалася замена людзей для дадатковага навучання, паколькі патрэбна чатыры змены. На сёння навучанне завершана, людзі гатовы да работы. Колькасць работнікаў вар’іруецца ад 40 да 60 чалавек у залежнасці ад адлегласці шчыта да катлавана», — адзначыў Васіль Касавец.

Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Аляксандр Чэрнікаў падкрэсліў важнасць запуску другога комплексу будаўніцтва. «У нас ёсць значныя планы па паскарэнні будаўніцтва метро. Мы пераглядаем некаторыя моманты з улікам напрацаванага вопыту», — адзначыў ён.
Акрамя таго, прадаўжаецца праектаванне чацвёртай лініі метро з улікам пасажырапатоку на кожнай станцыі. Аляксандр Чэрнікаў таксама адзначыў магчымасць набыцця яшчэ аднаго тунэлепраходчага комплексу.

Цяпер «Алеся» і «Марыя» будуць працаваць ад станцыі «Парк Дружбы народаў» да станцыі «Юбілейная плошча». Даўжыня гэтага ўчастка складае 3,2 тыс. м. Пасля гэтага яны пачнуць работу над чацвёртай кальцавой лініяй метрапалітэна.
Фота Сяргея Шэлега

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»