Актывісты «Белай Русі» добраўпарадкавалі мемарыял у Трасцянцы ў час суботніка
Фота Мінскай гарадской арганізацыі РГА «Белая Русь» 24 кастрычніка, Мінск . У час акцыі «Белая Русь» упрыгожвае Беларусь!» каля 200 чалавек добраўпарадкавалі помнік-абеліск ахвярам лагера смерці «Трасцянец»,
Сама акцыя традыцыйна праходзіць у красавіку і кастрычніку ў рамках месячніка па добраўпарадкаванні сталіцы і аб’ядноўвае медыкаў, педагогаў, работнікаў прамысловасці, студэнтаў.
Таксама ўдзельнікі ўсклалі кветкі да мемарыяльнага каменя і даведаліся больш пра манумент дзякуючы экскурсіі.
«Вельмі важна, што ў нашай краіне захоўваюцца традыцыі, якія прадаўжаюцца яшчэ з савецкіх часоў: восенню мы збіраемся на суботнікі для таго, каб навесці парадак, прывесці ў той належны стан памятныя мясціны, месцы адпачынку. Таму сёння члены «Белай Русі» знаходзяцца ў гэтым важным месцы, дзе былі закатаваны, расстраляны дзесяткі тысяч нашых звычайных людзей і салдат. Даніну павагі мы, нашчадкі пакалення пераможцаў, будзем аддаваць роўна столькі, колькі будзем памятаць аб подзвігу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай», — адзначыў старшыня РГА «Белая Русь», міністр адукацыі Андрэй Іванец.
Актывістка Ганна Шостар расказала, што прыйшла, каб зрабіць краіну чысцейшай.
«Вельмі важна не заставацца ўбаку, таму што кожны жыхар уплывае на дзяржаву і робіць свой уклад. Мы — адна вялікая сям’я, калі кожны будзе разумець, наколькі мы ўсе ўзаемазвязаны, то дасягнём высокіх вынікаў. Да таго ж сёння прыбіраем памятнае месца. Лічу, што мінулае вельмі ўплывае на нашу будучыню, таму неабходна яго берагчы», — упэўнена яна.
Кацярына Дзям’янец падзялілася асабістай сямейнай гісторыяй. «Дапамога ў такіх мерапрыемствах вельмі важная для нашай краіны, таму што мы шануем памяць. Мой прадзед прайшоў ад Мінска да Берліна, уся сям’я ім вельмі ганарыцца. Таму дапамагаць прыбіраць такое памятнае месца асабліва прыемна. Думаю, што кожны павінен рабіць уклад у добраўпарадкаванне краіны. Яе стан залежыць ад кожнага канкрэтнага жыхара», — сказала дзяўчына.
Дзісана Архіпен са сваёй сяброўкай Таццянай таксама расказалі, чаму вырашылі далучыцца да ініцыятывы: «Мы вельмі любім нашу краіну і хочам зрабіць яе лепшай. Як толькі аб’явілі аб суботніку і кінулі кліч — адразу вырашылі, што трэба далучыцца, вельмі рады дапамагчы».






