Арт-аб’ект у Палацы Незалежнасці дапоўнілі фрагментам, якога не хапала. Уклад унеслі прадстаўніцы Магілёўшчыны
Субота ў Палацы Незалежнасці атрымалася ажыўленай і яркай. Самую папулярную экскурсійную пляцоўку краіны наведалі больш за 120 прадстаўніц Магілёўскай вобласці. Экскурсія для жыхарак усходняга рэгіёна Беларусі стала часткай праекта Беларускага саюза жанчын «Мы розныя, але мы адзіныя». Госці з усіх рэгіёнаў краіны, прыязджаючы ў Палац Незалежнасці, стваралі ўнікальны арт-аб’ект — карту Беларусі, запоўненую фатаграфіямі беларускіх жанчын. Магчымасць дадаць сваю частку ў гэты маляўнічы пазл выпала і жыхаркам Магілёўшчыны.
Палац Незалежнасці па праву лічыцца візітнай карткай Беларусі і цэнтрам грамадска-палітычнага жыцця. Тут працуе кіраўнік дзяржавы: праводзіць нарады па ключавых сацыяльна-эканамічных пытаннях, заслухоўвае даклады чыноўнікаў, прымае замежных калег і замежныя дэлегацыі, размаўляе з журналістамі. Але дзверы адкрыты і для простых беларусаў — па асабістым распараджэнні Прэзідэнта ва ўстаноўлены час у Палацы Незалежнасці праходзяць экскурсіі.
Калі ж гаварыць пра праект «Мы розныя, але мы адзіныя», яго перадгісторыя такая: прадстаўніцы Беларускага саюза жанчын звярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай пабываць у залах і кабінетах палаца. Кіраўнік дзяржавы не змог адмовіць дамам — тым больш у Год беларускай жанчыны. У Палац Незалежнасці былі запрошаны дэлегацыі ад кожнай вобласці. Прыходзячы на экскурсію, яны ўдзельнічалі ў стварэнні «Карты адзінства» — таго самага ўнікальнага арт-аб’екта. Пано, якое паўтарае контур Беларусі, крок за крокам напаўнялася фатаграфіямі жанчын з розных рэгіёнаў краіны — на агульную карту кожная дэлегацыя дабаўляла сваю частку.
Экскурсійны маршрут па традыцыі пачаўся ў Зале ўрачыстых цырымоній, дзе праходзяць найбольш знакавыя мерапрыемствы з удзелам кіраўніка дзяржавы. Ужо тут гасцей уражваюць маштабы і ўбранне. Госці неадкладна рыхтуюць свае мабільныя тэлефоны — зняць групавое фота або сэлфі. Многія з іх бачылі Палац Незалежнасці толькі па тэлевізары, таму не прапускаюць магчымасці прывезці дадому мноства яркіх фота і відэа.
У іх ліку Аляксандра Колеснева, якая працуе начальнікам сектара па ідэалагічнай рабоце РУП «Магілёўаблгаз». Жанчына прызнаецца: у Палацы Незалежнасці марыла пабываць даўно, але не чакала, што гэта мара ўвасобіцца ў рэальнасць. «Хацелася б выказаць вялікую падзяку нашаму Прэзідэнту за магчымасць прыехаць сюды, за тое, што падтрымаў ініцыятыву Беларускага саюза жанчын», — адзначыла Аляксандра Колеснева. Яна звярнула ўвагу на разнастайнасць інтэр’ераў залаў і кабінетаў Палаца Незалежнасці, якія маюць свае адметныя асаблівасці.
Нязменную цікавасць выклікае Зялёная зала, дзе ў 2015 годзе прайшла большая частка няпростых перагавораў «нармандскай чацвёркі» — прэзідэнтаў Расіі, Украіны, Францыі і канцлера Германіі. На перагаворным марафоне, які доўжыўся 17 гадзін, бакі выпрацавалі комплекс мер па выкананні Мінскіх пагадненняў. Значэнне дакумента пераацаніць немагчыма. З таго часу Зялёная зала атрымала сусветную вядомасць, і ў гасцей Палаца Незалежнасці ёсць унікальная магчымасць дакрануцца да гісторыі.
«Я ўжо бывала ў Палацы Незалежнасці, але ўсё роўна пад уражаннем. Экскурсія проста цудоўная, эмоцыі перапаўняюць. Асабліва калі разумееш, што ў гэтых сценах пішацца гісторыя суверэннай Беларусі, прымаюцца найважнейшыя для нашай краіны рашэнні», — расказала журналіст тэлерадыёкампаніі «Магілёў» Хрысціна Бендзянкова.
/Будзе дапоўнена/.






