Рабатызацыя дапамагае беларускім прадпрыемствам зніжаць працаёмкасць вытворчасці — Мінпрам
30 верасня, Мінск . Рабатызацыя дапамагае беларускім прадпрыемствам зніжаць працаёмкасць вытворчасці. Аб гэтым заявіў намеснік міністра прамысловасці Аляксей Казлоў на сесіі «Адзіны контур: сінергія робататэхнічных комплексаў у прамысловасці ЕАЭС» на палях выстаўкі «ІНАПРАМ. Беларусь»,
Аляксей Казлоў адзначыў, што дзяржавы — члены Еўразійскага эканамічнага саюза аб’ядноўваюць намаганні для стварэння тэхналагічнага суверэнітэту і стварэння канкурэнтаздольнай прадукцыі ў сферы рабатызацыі праз адзіны інтэграцыйны парадак дня. «Распрацавана і праходзіць узгадненне міждзяржаўная праграма па прамысловай робататэхніцы. Яна прадугледжвае фарміраванне краінамі — членамі ЕАЭС сумеснай стратэгіі развіцця рабатызацыі», — адзначыў Аляксей Казлоў.
Паводле слоў намесніка міністра, работу ў сферы рабатызацыі можна падзяліць на два асноўныя напрамкі: укараненне беспілотных рабатызаваных сістэм у канечную прадукцыю, якая выпускаецца прамысловымі прадпрыемствамі, а таксама ўкараненне робататэхнічных сістэм у тэхналагічныя працэсы вытворчасці. «Прамысловыя прадпрыемствы пайшлі па гэтым шляху. Робататэхніка паступова бярэ на сябе цяжкія і аднастайныя працэсы, паляпшаючы ўмовы працы работнікаў і зніжаючы працаёмкасць аперацый. Каля 40% зварных швоў вырабляюцца на «БЕЛАЗ» ужо робатамі», — растлумачыў ён.
Прэзідэнт Беларусі паставіў задачу да 2030 года амаль у дзесяць разоў павялічыць шчыльнасць рабатызацыі ў Беларусі і дасягнуць колькасці не менш як 100 робататэхнічных сістэм на 10 тыс. работнікаў, занятых у апрацоўчай прамысловасці. «Прыняты ўказ Прэзідэнта №198 — асноватворны дакумент для развіцця робататэхнічнай галіны краіны. Дакумент стварае ўмовы дзяржаўнай падтрымкі для зацікаўленых ва ўкараненні робатаў, распрацовак робататэхнічных сістэм, праграмнага забеспячэння для іх і комплексных рашэнняў на іх аснове», — дапоўніў ён.
«Укараненне робатаў у вытворчыя працэсы — важная ўмова для тэхналагічнага лідарства і захавання экспартнага патэнцыялу любой краіны», — падкрэсліў намеснік міністра.
У ІІ Міжнароднай прамысловай выстаўцы «ІНАПРАМ. Беларусь» прымае ўдзел больш за 160 айчынных прадпрыемстваў. Тут сабраны ўсе галіны прамысловасці краіны, прадстаўлены і прыватны бізнес. Расійскія ўдзельнікі пакажуць шырокі спектр індустрыяльных рашэнняў. Асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца кааперацыі з Беларуссю. У прыватнасці, на выстаўцы прэзентуюць першы беларуска-расійскі 3D-прынтар. На выстаўцы таксама экспануюцца прадстаўнікі іншых краін. «ІНАПРАМ. Беларусь» праходзіць з 30 верасня па 2 кастрычніка.




Фота Таццяны Матусевіч





