Музыка, драйв і хуткія спатканні. Як у Мінску праходзіць фестываль belbet
Сёння на Нацыянальным Алімпійскім стадыёне «Дынама» праходзіць аднадзённы фестываль яркіх эмоцый belbet fest. Мінчан і гасцей сталіцы сустрэла актыўная праграма забаў і магутны музычны лайнап: Ваня Дзмітрыенка, Eva Simons, 5sta Family, Насця Краўчанка і іншыя артысты. Кожны змог знайсці занятак даспадобы — не толькі паслухаць музыку, але патанцаваць або правесці час з сябрамі на свежым паветры, наведаць зоны адпачынку і прыняць удзел у інтэрактывах. Карэспандэнты БЕЛТА пабывалі на фестывалі і даведаліся, як беларусы праводзяць выхадныя.
«Фэстываль набірае абароты, заваёўвае ўсё больш сэрцаў і выклікае цікавасць у публікі. Акрамя асноўнага стадыёна, актыўнасці размяшчаюцца на трэніровачным полі. Мы пашырылі зону фудкортаў, дабавілі дадатковыя сцэны, каб людзі маглі адчуваць сябе весела і свабодна. Для тых, хто любіць танцы да раніцы, музыку, драйв і хоча ўбачыць і пачуць сваіх любімых выканаўцаў, падрыхтавана галоўная сцэна, а для тых, хто любіць забавы і інтэрактывы, хоча прыемна правесці час з сям’ёй, атрымаць задавальненне ад смачнай ежы — фестывальная сцэна», — расказала памочнік дырэктара РУП «Беларускія латарэі» Вольга Кулік.
Паводле яе слоў, у гэтым годзе склаўся цудоўны лайнап артыстаў. Арганізатары доўга думалі, каго запрасіць, але ўсё склалася добра і заняло недзе два-тры месяцы. «Мы вельмі ўдзячны, што нам удалося дамовіцца з Eva Simons, каб яна тут прысутнічала, і робім усё магчымае, каб да, у час і пасля фестывалю артысты адчувалі сябе камфортна», — дадала яна.
Для Яўгеніі Мялешка і яе сяброў фестываль ужо стаў традыцыяй. Яна прыходзіць сюды трэці год запар, бо ёй падабаецца дружалюбная атмасфера, якая пануе на стадыёне. «Мы чакаем шмат эмоцый і крутога настрою. Хочам наведаць усе лакацыі і ўбачыць артыстаў. Самае дзіўнае, што ў гэтым годзе няма чэргаў. Мы загадзя даведаліся пра размяшчэнне розных лакацый, таму хутка сарыентаваліся куды ісці», — сказала Яўгенія Мялешка.
Вера Сажына вырашыла адзначыць на фестывалі сваё 18-годдзе. «На самай справе ніякай асаблівай прычыны няма. Проста мама падарыла мне білет на дзень нараджэння. На самай справе я мала знаёма з артыстамі, але буду ў задавальненні ад атмасферы і буду зараджацца ад натоўпу, паколькі хачу атрымаць яркія эмоцыі», — прызналася госця свята.
Госці фестывалю змаглі наведаць розныя інтэрактыўныя лакацыі, паспрабаваць сябе ў захапляючых гульнях і нават пазнаёміцца на пляцоўцы «Хуткія спатканні». Як расказалі арганізатары, да дзяўчат далучаюцца хлопцы і размаўляюць па пяць мінут. Калі знаёмства атрымалася ўдалым, то можна прадоўжыць размову непасрэдна на фестывалі і нават спланаваць вяселле. Ніка і Цімур былі знаёмы 15 мінут, але гэта не перашкодзіла ім атрымаць пасведчанне аб заключэнні хуткага фестывальнага шлюбу.


Спявак Максім Цімакоў, які сёння выступае на фестывальнай сцэне, назваў гэту магчымасць сапраўдным сном. «Не магу паверыць, што гэта адбываецца ў маім жыцці. Дзякуй маёй вялізнай камандзе, таму што без іх я тут не апынуўся б. Спадзяюся, мы будзем з вамі знаёміцца на ўсё большых пляцоўках нашай краіны, разам танцаваць і спяваць. Уражанне ў мяне проста неверагоднае, — адзначыў спявак. — Сёння я выконваю праграму-трыб’ют Андрэю Губіну, у якую ўваходзяць такія рускамоўныя песні, як «Ночь», «Зима-холода», «Девушки как звезды» і мая фірменная песня, якая атрымала вядомасць на праекце «Зорны шлях», — «Казанова». У свеце вельмі шмат сумнага. Давайце проста весяліцца».
На яго думку, сёння сярод маладых артыстаў больш жорсткая канкурэнцыя, але магчымасцей заявіць пра сябе таксама больш, таму што ёсць шмат сацыяльных сетак. Але калі ты хочаш стаць папулярным артыстам і развіваць сваю творчасць, то табе трэба быць усюды. Здымаць не па 10, а па 50 ролікаў на тыдзень, і запісваць як мага больш песень.
/Будзе дапоўнена/. 


Фота Яраслава Зарэцкага






