Грамадства

Мужнасць, стойкасць, любоў. Аб жанчынах-франтавіках расказала мемарыяльная акцыя ў Гродне

23 чэрвеня, Гродна . У Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа каля Брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан у парку Жылібера гродзенцы сабраліся, каб ушанаваць памяць герояў — абаронцаў Айчыны. Тут прайшла акцыя «Не жанчыны прыдумалі вайну», якую арганізуе моладзь Гуманітарнага каледжа ГрДУ імя Я.Купалы,
У гэтым годзе тэатралізаваная пастаноўка расказвае аб жанчынах, якія нараўне з мужчынамі набліжалі Перамогу.
Ганаровымі гасцямі акцыі сталі ветэраны, кіраўніцтва вобласці на чале са старшынёй аблвыканкама Юрыем Караевым.
«Навучэнцы каледжа — маладыя юнакі і дзяўчаты, якім ад 14 да 16 гадоў, — уклалі ў сённяшнюю пастаноўку ўсю сваю душу. Яны расказваюць нам пра жанчын, якія вызвалялі Беларусь, наш горад Гродна, якія ваявалі з ворагамі на нашай зямлі. Гэта не выдуманыя гісторыі, гэта гісторыі рэальных людзей — разведчыц, лётчыц, падпольшчыц, танкістаў. Каб даведацца пра іх лёсы, падлеткі правялі вялікую пошукавую, архіўную работу», — расказала рэктар ГрДУ Ірына Кітурка.
Як адзначыла рэктар, важна, што, рыхтуючыся да акцыі, маладыя людзі не проста паглыбіліся ў гісторыю, а адчулі яе праз сваіх персанажаў — такіх жа юных, як і яны самі сёння, якім давялося ўзяць у рукі зброю і адстаяць свабоду Радзімы.

Выпускнік каледжа Іван Яўграфаў у акцыі памяці ўдзельнічае ўжо трэці раз. Для яго гэта мае асаблівае значэнне: абодва прадзеды маладога чалавека ваявалі ў гады Вялікай Айчыннай, дзед і бацька — афіцэры. Сам Іван рыхтуецца пайсці па іх слядах, завяршыўшы навучанне ў каледжы, адправіцца на службу ў армію.
«Я іграю добрага, душэўнага хлопца, які жыве мірным жыццём, марыць атрымаць прафесію, стварыць сям’ю. Але 22 чэрвеня 1941-га поўнасцю перакроіла яго жыццё, прымусіла надзець ваенную форму і адправіцца на фронт», — расказвае Іван. Ён лічыць, што памятаць і шанаваць памяць воінаў-пераможцаў — святы абавязак кожнага беларуса. У Дзень Перамогі, Дзень памяці і смутку ў яго сям’і заўсёды ўспамінаюць родных-франтавікоў.
Паліна Лазюк спявае ў пастаноўцы песні ваенных гадоў і чытае вершы. «Рыхтавацца было зусім няпроста, — гаворыць дзяўчына. — Усё прапускаецца праз сэрца. Гэтыя юнакі і дзяўчаты нашы землякі, і яны, як і мы сёння, марылі аб шчаслівай будучыні, калі іх жыцці разбурыў вораг».
Асабліва кранальна гучыць вершаваная гісторыя маладой жанчыны, якая не дачакалася мужа з вайны, у выкананні Паліны. Дваццаць пасляваенных гадоў яна пісала яму пісьмы, расказваючы пра ўсё, што хацела б падзяліць з каханым, але не змагла.

Адна ваенная сцэна змяняе другую. Гледачы даведваюцца аб мужных жыхарках Гродзеншчыны, якія змагаліся ў падполлі, дапамагалі партызанам, забяспечваючы іх прадуктамі і медыкаментамі, хавалі ў сваіх дамах яўрэйскіх дзяцей. Даведваюцца і аб тым, як фашысты публічна спалілі бібліятэку Гродзенскага педінстытута, як вешалі і расстрэльвалі ўдзельніц супраціўлення, як марылі голадам жыхароў горада.

Але Перамога немінуча набліжалася, і жанчыны нараўне з мужчынамі рабілі дзеля гэтага ўсё, што маглі. А пасля вызвалення разам, плячо ў плячо будавалі мірнае жыццё.

Сімвалічна, што акцыя праходзіць каля Брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан, каля Вечнага агню — як клятва моладзі памятаць подзвіг ваеннага пакалення, берагчы мір, абараняць родную зямлю.

Адна гісторыя гучыць за другой, на вялікім экране змяняюцца чорна-белыя фота ваенных гадоў. У вачах у кожнай гераіні — бязмерная мужнасць, рашучасць, бясстрашнасць і вялізная любоў да сваёй Радзімы. І з кожным расказам усё больш разумееш: мы — іх унукі і праўнукі, у нас цячэ іх кроў, і мы абавязаны быць дастойнымі нашчадкамі агульнай Перамогі.
Фота Леаніда Шчаглова

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»