Майстроў танца з васьмі краін аб’яднае «Сожскі карагод» у Гомелі
Фота з архіва 4 верасня, Гомель . Артысты з васьмі краін стануць удзельнікамі ХII Міжнароднага фестывалю харэаграфічнага мастацтва «Сожскі карагод», які пройдзе ў Гомелі з 9 па 13 верасня. Аб гэтым паведаміў журналістам галоўны рэжысёр творчага форуму Пётр Свярдлоў,
«Фестываль тады ўдачны, калі ёсць добрыя творчыя калектывы. У гэтым годзе для ўдзелу адабраны больш як 50 калектываў з васьмі краін — Беларусі, Расіі, Індыі, Пакістана, Кітая, Азербайджана, Шры-Ланкі, Туркменістана. Усяго больш як 1 тыс. чалавек», — апісаў геаграфію ўдзельнікаў галоўны рэжысёр.
Ён звярнуў увагу: у кожным калектыве — таленавітыя, цікавыя артысты. «І кожны калектыў гатовы здзіўляць сваёй непаўторнай, цікавай харэаграфіяй. Ва ўсіх ёсць цікавыя рашэнні як у падборы музычнага матэрыялу, так і ў пластыцы», — звярнуў увагу Пётр Свярдлоў.
Маштабнай і яркай абяцае стаць цырымонія адкрыцця творчага форуму. Яна пройдзе вечарам 11 верасня на стадыёне «Цэнтральны». Усяго ў дружным карагодзе закружаць больш як 2,5 тыс. чалавек — не толькі ўдзельнікі калектываў, але і школьнікі Гомеля, студэнты ВНУ, навучэнцы ССНУ.
Пётр Свярдлоў зрабіў акцэнт: у Год беларускай жанчыны на сцэне фестывалю праз танец, музыку, светлавыя кампаненты, відэакантэнт раскажуць пра беларусак. «Ад Ефрасінні Полацкай да сучаснай жанчыны», — удакладніў ён.
«Мы рыхтуем блок, у якім азнаёмім і з творчасцю гасцей, пакажам палітру розных напрамкаў у харэаграфічным мастацтве — пачынаючы ад народна-сцэнічнага, прадаўжаючы эстрадным танцам і завяршаючы сучаснай харэаграфіяй», — прыадкрыў ён некаторыя сакрэты шоу адкрыцця свята танца.
«Упершыню ў нас прымае ўдзел вядомы расійскі калектыў — Дзяржаўны акадэмічны харэаграфічны ансамбль «Бярозка» імя Н.С.Надзеждзінай. Ён прадставіць цэлы творчы блок, пасля чаго расійскія і беларускія калектывы сумесна выканаюць «Калінку», а потым адразу ж беларускія артысты парадуюць дынамічнай «Лявоніхай», — расказаў галоўны рэжысёр.
Ён дадаў: кожны нумар праграмы не пакіне гледачоў абыякавымі. Напрыклад, каля 800 удзельнікаў выканаюць разам кампазіцыю «Танцуй, Гомель».
«Адметнасць фестывалю ў бягучым годзе — гэта і чатыры вакальна-харэаграфічныя кампазіцыі, якія непасрэдна прысвечаны «Сожскаму карагоду». Напісаныя тэксты, песні, і музычныя палотны будуць узмоцнены добрай харэаграфіяй», — падкрэсліў галоўны рэжысёр.
«У цэлым, на адкрыцці «Сожскага карагода» будзем радаваць нашых гледачоў нацыянальным, народным каларытам, характэрнымі танцамі, ілюмінацыяй, лазернымі спецэфектамі», — зрабіў акцэнт Пётр Свярдлоў.
Насычанымі абяцаюць быць усе дні фестывалю. Так, пройдуць конкурсы народна-сцэнічнага танца, балетмайстарскіх работ. Свежы погляд на фальклор дадуць нумары конкурсу стылізавана-народнага танца. Пластыка і авангард — складнікі конкурсу сучаснай харэаграфіі, драйв і энергія — эстраднага танца. Таксама запланавана прафесійная размова пра будучыню харэаграфічнага мастацтва. Пераможцаў фестывалю назавуць 12 верасня, пасля чаго запланаваны фінальны гала-акорд, які, як запэўніваюць арганізатары, застанецца ў сэрцах гледачоў.






