У конкурсе Dream Dance Fest на «Славянскім базары» 17 калектываў прадставілі сваю творчасць
14 ліпеня, Віцебск . У танцавальным конкурсе Dream Dance Fest, які восьмы раз прайшоў на «Славянскім базары ў Віцебску», сваю творчасць прадставілі калектывы з Беларусі, Расіі, Узбекістана і Казахстана,
VIII Міжнародны танцавальны праект Dream Dance Fest у гэтым годзе сабраў на віцебскай сцэне 17 калектываў. Юнакі і дзяўчаты прыехалі з розных гарадоў Беларусі, Расіі, Казахстана і Узбекістана. Юныя артысты паказалі нумары, розныя па стылі, рытме, тэмпе, характары. Надвор’е, якое на «Славянскім базары» заўсёды паводзіць сябе непрадказальна, стала для аднаго з калектываў тэмай для пастаноўкі. Праўда, удзельнікі калектыву прысвяцілі яе не дажджу, а туману, але тым не менш атмасфера была вельмі таямнічай. Юныя танцоры з Баранавіч паказалі танцуючых «байкераў», іх дынамічны «Мотаджайв» дадаў энергіі і яркасці. Юнакі і дзяўчаты пасля выступлення падзяліліся ўражаннямі з карэспандэнтам БЕЛТА. «Мы вельмі задаволены нашым нумарам, але калі б нам далі другі шанс выйсці на сцэну, мы станцавалі б яшчэ лепш, таму што ўжо менш хваляваліся б. У нас вельмі класны калектыў, усе вельмі дружныя, а наш кіраўнік самая добрая, яна ніколі не павышае на нас голас. Перад конкурсам мы займаліся дзесьці два-тры месяцы, на трэніроўкі хадзілі кожны дзень. Зразумела, стаміліся, але нам усё вельмі спадабалася. У Віцебску мы ўпершыню, горад ваш вельмі прыгожы», — сказалі маленькія зорачкі. Дзяўчаты прызналіся, што калі перамогуць у конкурсе, то будуць плакаць ад шчасця.
Нацыянальны каларыт перадалі ў танцы калектывы з Расіі, Узбекістана і Казахстана. Яны пакарылі гледачоў яркімі касцюмамі, сінхроннасцю і артыстычнасцю.
Журы, у складзе якога выступленні канкурсантаў ацэньвалі харэографы з Беларусі і Расіі, улічвалі пры выстаўленні ацэнак тэхніку выканання, кампазіцыю, імідж і відовішчнасць. Па выніках спаборніцтва лепшаму калектыву ўручаць Гран-пры.
Фота Аляксандра Хітрова






