Культура

Калекцыю Валянціна Елізар’ева з больш як 1,4 тыс. рэдкіх выданняў і дакументаў перадалі НББ

13 кастрычніка, Мінск . У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася ўрачыстая перадача асабістай калекцыі і адкрыццё выстаўкі «Старонкі вялікага лёсу: кніжная калекцыя Валянціна Елізар’ева ў дар Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі»,

Народны артыст СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, выдатны харэограф і педагог Валянцін Елізар’еў выступіў з ініцыятывай перадаць галоўнай бібліятэцы краіны 1476 матэрыялаў з асабістага збору, прысвечаных гісторыі балета, музыкі і мастацтва.

Міністр культуры Марат Маркаў падкрэсліў выключную значнасць падзеі. «Некалькі месяцаў таму ў час асабістай сустрэчы ад Валянціна Мікалаевіча паступіла прапанова перадаць яго шыкоўную калекцыю ў дар краіне. Яна вельмі важная і для прафесіяналаў, і для аматараў — для ўсіх, хто цэніць харэаграфічнае мастацтва і культуру ў цэлым. Першапачаткова размова ішла аб 500 экзэмплярах самых розных выданняў, у тым ліку векавой даўнасці і з дароўнымі надпісамі, але сёння лічба вырасла амаль да паўтары тысячы. Шчыра кажучы, гэта першы такі выпадак у гісторыі Нацыянальнай бібліятэкі. Я шчыра дзякую за гэты каштоўны дар для беларускай культуры і мастацтва», — расказаў Марат Маркаў.
Кіраўнік ведамства таксама адзначыў ролю харэографа ў развіцці беларускай культуры. «Імя Валянціна Елізар’ева даўно стала сінонімам росквіту айчыннага харэаграфічнага мастацтва. На працягу дзесяцігоддзяў ён звязваў сваё жыццё і творчасць з Вялікім тэатрам Беларусі. Яго пастаноўкі прызнаны шэдэўрамі сусветнага ўзроўню — менавіта дзякуючы яму аб беларускай балетнай школе з захапленнем загаварылі на буйнейшых сусветных сцэнах. Паступленне такога маштабнага фонду ў бібліятэку — неацэнны ўклад у захаванне нашай нацыянальнай спадчыны. Цяпер унікальныя дакументы будуць даступны вучоным, педагогам, артыстам і студэнтам», — падкрэсліў міністр.

Генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін звярнуў увагу на асветную і практычную каштоўнасць атрыманых матэрыялаў. «Само па сабе дарэнне партытур, нот, афіш і кніг Валянціна Елізар’ева — ужо значная культурная падзея. Кніга павінна працаваць і несці веды, а не проста захоўвацца. Унікальнасць гэтых выданняў, многія з якіх змяшчаюць аўтографы, дароўныя надпісы і экслібрысы, надае калекцыі асаблівую каштоўнасць. Яна будзе захоўвацца як адзіны фонд Валянціна Елізар’ева. У гэтым плане падзея ўнікальная: да гэтага прыватныя фонды фарміраваліся з дакументаў дзеячаў мінулага. Мы спадзяёмся, што пачын Валянціна Мікалаевіча будзе падхоплены», — адзначыў ён.
Валянцін Елізар’еў расказаў, што вытокі калекцыі вядуць у яго дзяцінства, калі бацька пачаў купляць першыя кнігі, падтрымліваючы захапленне сына танцам. Пазней, у час вучобы ў Ленінградзе, і на працягу ўсяго гастрольнага жыцця збор безупынна папаўняўся.

«Мая калекцыя ахоплівае перыяд з XVIII стагоддзя да нашых дзён. У ёй прадстаўлены выданні з больш як 40 краін на 40 мовах. Практычна з усіх гастрольных паездак беларускага балета я прывозіў літаратуру, якая пашырала кругагляд, давала веды і натхняла на стварэнне новых спектакляў. Я хацеў, каб гэтым зборам змаглі скарыстацца не толькі прафесіяналы, але і шырокая аўдыторыя аматараў харэаграфіі. У калекцыі ёсць раздзелы класічнага і мадэрн-балета, народнага і народна-сцэнічнага танца, а таксама рэдкая педагагічная літаратура, якую сёння практычна немагчыма набыць», — падзяліўся народны артыст СССР.
Акрамя друкаваных выданняў, у перадаваемы фонд увайшлі клавіры спектакляў, партытуры, ноты і ўнікальныя афішы. Сярод найбольш каштоўных экспанатаў маэстра назваў гістарычныя фаліянты XVIII-XIX стагоддзяў, а таксама рэдкія выданні з аўтографамі выдатных дзеячаў культуры. У перспектыве маэстра плануе перадаць Нацыянальнай бібліятэцы і свой асабісты відэаархіў.
Пасля завяршэння ўрачыстага мерапрыемства генеральны дырэктар НББ і народны артыст СССР падпісалі афіцыйны акт аб перадачы калекцыі ў фонд галоўнай бібліятэкі краіны.
Азнаёміцца са зместам матэрыялаў можна будзе ў зале нотных і аўдыявізуальных дакументаў. У далейшым частка выданняў пройдзе неабходную рэстаўрацыю, а большая іх частка будзе алічбавана. Фота Раміля Насібуліна

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»