Культура

Імёны лаўрэатаў літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага назвалі ў Гомелі

Фота gomel-region.gov.by 3 верасня, Гомель . У Гомелі назвалі імёны лаўрэатаў літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага Гомельскага аблвыканкама. Ушаноўвалі аўтараў у Палацы Румянцавых і Паскевічаў у дзень адкрыцця міжнароднага фестывалю-свята «Славянскія літаратурныя дажынкі»,

Старшыня аблвыканкама Іван Крупко падкрэсліў: для рэгіёна вялікі гонар зноў і зноў прымаць удзельнікаў фестывалю-свята — майстроў слова з Беларусі і Расіі.«Літаратура рэдка прапануе гатовыя адказы, але яна дапамагае чалавеку задаваць правільныя пытанні — пра сваю краіну і сям’ю, мінулае і будучыню, дабро і адказнасць, аб тым, што нас аб’ядноўвае і што нельга страціць. Напэўна, менавіта таму кніга застаецца запатрабаванай і сёння, калі ў чалавека так шмат іншых крыніц інфармацыі», — лічыць кіраўнік вобласці.

«Аляксандр Лукашэнка неаднаразова падкрэсліваў асаблівую ролю кнігі і чытання ў захаванні духоўных каштоўнасцей, гістарычнай памяці і ў выхаванні маладога пакалення. Гэта сапраўды вельмі важна. Таму што тэхнічныя магчымасці мяняюцца вельмі хутка, а чалавеку па-ранейшаму патрэбны словы, якія дапамагаюць зразумець жыццё, адчуць сувязь пакаленняў, адрозніць сапраўднае ад мімалётнага», — адзначыў старшыня аблвыканкама.

Паводле яго слоў, асаблівая каштоўнасць такіх фестываляў, як «Славянскія літаратурныя дажынкі», у тым, што тут літаратура выходзіць за рамкі кніжнай паліцы. «Яна становіцца прасторай адносін паміж аўтарамі, пакаленнямі, рэгіёнамі і, што асабліва важна, паміж краінамі. Беларускіх, расійскіх пісьменнікаў звязвае не толькі агульны літаратурны кантэкст. Нас аб’ядноўваюць многія чалавечыя і творчыя сувязі, сумесныя выдавецкія і перакладчыцкія праекты, літаратурныя конкурсы і фестывалі», — сказаў Іван Крупко.

Гаворачы аб абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага, старшыня аблвыканкама звярнуў увагу: за 14 гадоў яна стала прызнаннем таленту больш як 70 аўтараў. «Сёння мы называем яшчэ шэсць пераможцаў. І гэта не проста ўзнагароджванне. Гэта знак павагі да чалавека, які сваёй працай захоўвае і развівае літаратурныя традыцыі Гомельшчыны», — падкрэсліў ён.

Кіраўнік рэгіёна пажадаў пераможцам натхнення і дастойнага прадаўжэння творчага шляху. «А ўсім пісьменнікам — удзячных чытачоў, нашаму фестывалю — новых імёнаў, новых кніг і доўгага жыцця. Няхай слова, народжанае тут, знойдзе свайго чытача ў Беларусі, у Расіі і далёка за межамі», — даваў наказ кіраўнік рэгіёна.

Ён уручыў лаўрэатам заслужаныя ўзнагароды. Так, у намінацыі «Паэзія» прэмія прысуджана Таццяне Чараухінай за літаратурны твор «Случайный взмах крыла». Паэт, празаік і перакладчык, аўтар шасці паэтычных твораў публікавалася ў абласных, рэспубліканскіх і замежных перыядычных выданнях. У аднайменны зборнік Таццяны Чараухінай увайшлі лірычныя вершы апошніх гадоў пераважна філасофскага і грамадзянскага напрамку.

Іна Зарэцкая з казачнымі гісторыямі «Переезжая птица Варуня» стала ўладальнікам прэміі ў намінацыі «Літаратура для дзяцей і падлеткаў». Аўтар — маці траіх дзяцей. І піша яна пераважна для дзяцей. У зборнік увайшлі аднайменная казка і цыкл гісторый «Мудрые сказки мышки Малышки». Творы вучаць юных чытачоў любіць родны край, ганарыцца сваімі каранямі, чэрпаць у іх мудрасць і сілы, выхоўваюць пачуццё сяброўства, клопату і бескарыслівасці, а таксама дапамагаюць вучыцца шанаваць хараство навакольнага свету.

У намінацыі «Драматургія» ўзнагарода ў Андрэя Мацвеенкі за драматычную мініяцюру «Журавлиная песня». Лаўрэат пачаў пісаць вершы, а пазней і прозу. Ён — аўтар 14 кніг, 8 з якіх напісаны ў суаўтарстве. Яго драматычныя мініяцюры адлюстроўваюць жыццё сучаснага грамадства. Яны вучаць чытачоў быць спагадлівымі і памяркоўнымі адзін да аднаго, моцнымі ў пераадоленні жыццёвых нягод. Аўтар сцвярджае, што дабрыня і любоў да людзей робяць наш свет больш светлым і чыстым. «З любоўю да роднага Палесся» — так называецца кніга Міхаіла Кавалёва, якая прынесла яму ўзнагароду ў намінацыі «Літаратурная крытыка і публіцыстыка». Шырокае кола чытачоў ведае аўтара як Міхася Сліву. Ён — празаік, перакладчык, крытык і публіцыст, аўтар больш як 40 кніг для дарослых і дзяцей, а таксама шматлікіх публікацый у зборніках, альманахах, часопісах і газетах. У кнігу «3 любоўю да роднага Палесся» ўвайшлі артыкулы і рэцэнзіі, прысвечаныя сучаснай творчасці пісьменнікаў краю.Паэтычны зборнік «Вершнік» Уладзіміра Чараухіна прынёс яму перамогу ў намінацыі «Адкрыццё года». Аўтар піша вершы на беларускай і рускай мовах. Яго творы ўвайшлі ў 15 кніг, выдадзеных у Беларусі, Расіі і Украіне. У зборнік вершаў «Вершнік» увайшлі як арыгінальныя творы, так і пераклады з рускай мовы. Вершы разнастайныя па форме і тэматыцы. Гэта і грамадзянская, і філасофская, і інтымная лірыка. Значная ўвага ўдзелена міфалагічным вобразам.У намінацыі «Проза» прэмія прысуджана Уладзіміру Гаўрыловічу за гістарычны раман-версію «Хай свяціцца імя твае…» Пра што піша аўтар? Ён упэўнены, што чалавек створаны Богам для шчасця. Дзеянні разгортваюцца дзесяць стагоддзяў таму на землях Тураўскага княства і на польскай зямлі. Героі гістарычнага рамана праходзяць цяжкі шлях да ачышчэння. Пісьменнік заклікае чытача берагчы мінулае, каб зразумець сучаснасць, дбаць пра будучыню свайго народа і роднай зямлі.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч падзякаваў за ўзнагароду і адзначыў: не першы год восенню сустракаюцца майстры слова на гомельскай зямлі. «Пісьменнікі — унікальныя людзі. Яны крыху бачаць наперад, крыху бачаць, што было (у мінулым. — Заўвага БЕЛТА). І мы імкнёмся да таго, каб кнігу не страціць. Мы працуем з моладдзю. Гэта работа не спыняецца. Таму што вельмі не хацелася б, каб нашы дзеці, унукі, праўнукі разарвалі гэты ланцужок чалавечнасці, дабра, шчырасці», — зрабіў акцэнт Уладзімір Гаўрыловіч. Ён падкрэсліў: важна захаваць мастацкае слова — толькі з ім можна дастойна выхаваць падрастаючае пакаленне.

Уладзімір Гаўрыловіч падзякаваў старшыні аблвыканкама і ўсім аграрыям рэгіёна за вырашчаны ў палях ураджай і ўручыў кіраўніку вобласці творчы, духоўны ўраджай майстроў слова — кнігі лаўрэатаў прэміі з іх аўтографамі.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»