Аб таямніцах партрэтаў Караткевіча і Барадуліна раскажуць у Нацыянальным мастацкім музеі
Фота з архіва 23 кастрычніка, Мінск . Лекцыю «Вобразы філалагічнага пакалення: погляд з Мастацкага» правядуць у зале беларускага мастацтва ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя Нацыянальнага мастацкага музея 28 кастрычніка, са спасылкай на прэс-службу НММ.
На лекцыі загадчык навукова-метадычнага аддзела Настасся Трафімчык раскажа, як у жывапісных партрэтах, графіцы і сяброўскіх шаржах раскрываюцца характары, асабістыя ўзаемаадносіны і ўнутраны свет вядомых беларускіх літаратараў Уладзіміра Караткевіча, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна і іх сучаснікаў.
Лекцыя з’яўляецца часткай праекта «Арт-лекторый «Роднага слова» — сумеснай ініцыятывы навуковага і метадычнага часопіса «Роднае слова» і Нацыянальнага мастацкага музея. У штомесячнай рубрыцы часопіса «Арт-лекторый» навуковыя супрацоўнікі музея адкрываюць чытачам творы нацыянальнага мастацтва з музейных калекцый, а цыкл лекцый па апублікаваных матэрыялах пераносіць гэтыя даследаванні ў жывы фармат.
Традыцыйная лекцыя дапоўніцца экспанаваннем жывапісных і графічных работ, якія на адзін вечар будуць прадстаўлены публіцы. Наведвальнікаў будуць чакаць 28 кастрычніка ў 16.00.






