«Мая галоўная задача — улюбіць дзяцей у прафесію». Як педагог мінскага каледжа запальвае зоркі кулінарнага мастацтва
У Дзень настаўніка хочацца з асаблівай удзячнасцю расказваць пра людзей, якія прысвяцілі жыццё высакароднай справе выхавання новых пакаленняў. Разам з ведамі яны аддаюць вучням часцінку сваёй душы, натхняючы іх на смелыя мары і вялікія здзяйсненні. Менавіта такім педагогам з’яўляецца Алена Казун — майстар вытворчага навучання Мінскага дзяржаўнага каледжа кулінарыі. У гэтым годзе яна была ўдастоена высокага звання «Мінчанін года» ў сферы адукацыі і заняла першае месца ў гарадскім конкурсе прафесійнага майстэрства «Майстар года». Пад яе чулым кіраўніцтвам юныя беларускія таленты пакараюць міжнародныя п’едэсталы і дасягаюць кар’ерных вышынь. Настаўнік расказала аб лёсавызначальным выбары прафесійнага шляху, матчыным клопаце на занятках і сакрэтах выхавання чэмпіёнаў.
Поварскі каўпак замест медыцынскага халата
Алена Казун нарадзілася ў Брэсцкай вобласці, у вёсцы Дварэц Лунінецкага раёна — месцы, якое сёння мае статус аграгарадка і славіцца на ўсю краіну сваімі клубнічнымі плантацыямі. Пасля заканчэння школы дзяўчына ўяўляла сябе ў белым медыцынскім халаце, аднак лёс распарадзіўся інакш.
«У прафесію прыйшла, можна сказаць, зусім выпадкова, — з усмешкай расказвае Алена Казун. — Пасля адзінаццатага класа я шчыра марыла паступіць у медыцынскі каледж, але, на жаль, мне не хапіла балаў. Каб не згубіць год, пайшла вучыцца на повара ў наша лунінецкае вучылішча. Скончыла яго з чырвоным дыпломам, сама прафесія мне вельмі спадабалася, і я падумала: чаму б не прадоўжыць развівацца ў гэтым напрамку далей?»
Убачыўшы ў раённай газеце аб’яву аб наборы ў Віцебскі дзяржаўны індустрыяльны каледж, Алена разам з сяброўкамі адправілася паступаць. Там яна атрымала кваліфікацыю тэхніка-тэхнолага, а на трэцім курсе выбрала педагагічны профіль. Адпрацаваўшы па размеркаванні ў Пінску, 19 гадоў таму яна пераехала ў сталіцу і ўладкавалася ў Мінскі дзяржаўны каледж кулінарыі.
Запаліць агеньчык у вачах студэнтаў і пакарыць міжнароднае журы
За два дзесяцігоддзі бесперапыннай работы педагог пераканалася: моладзь з часам становіцца толькі лепш. «Студэнты за гэтыя гады змяніліся выключна ў лепшы бок. Сучасная моладзь ідзе ў нагу з часам. Дзеці не адстаюць ад развіцця тэхналогій, актыўна асвойваюць штучны інтэлект і часам нават могуць падзяліцца з намі, выкладчыкамі, нейкімі навінамі. Да нас у каледж прыходзяць моцныя, матываваныя навучэнцы: сярэдні бал атэстата ў многіх вышэй за дзевяць. Яны шчыра прызнаюцца, што не спрабавалі паступіць у ВНУ толькі дзеля наяўнасці атэстата аб вышэйшай адукацыі, а мэтанакіравана выбіралі прафесійна-тэхнічнае навучанне ў галіне кулінарыі», — гаворыць настаўнік.
Спецыфіка работы майстра вытворчага навучання заключаецца ў вялікай колькасці практыка-арыентаваных заняткаў. Навучэнцы гатуюць разам з педагогам, разбіраюць стравы па арганалептычных паказчыках, а ўжо з кастрычніка першакурснікі выходзяць на практыку на рэальныя аб’екты грамадскага харчавання, дзе вучацца працаваць з вялікімі аб’ёмамі прадукцыі.
«Калі бачу недастаткова матываваных студэнтаў, якія яшчэ не ўпэўнены ў сваёй будучыні, мая галоўная задача як майстра — улюбиць іх у гэту прафесію. І ў мяне гэта атрымліваецца. У якасці нагляднага прыкладу я часта запрашаю на майстар-класы сваіх выпускнікоў, якія ўжо сталі шэф-поварамі або загадчыкамі вытворчасці. Такія жывыя зносіны па-сапраўднаму запальваюць агенчык у вачах цяперашніх навучэнцаў. Таму што кулінарыя — гэта мастацтва. Як мастак малюе карціну, так і повар можа стварыць на талерцы сапраўдны шэдэўр з дапамогай творчасці і фантазіі», — дзеліцца сакрэтамі настаўніцтва Алена Казун.
Такі падыход сапраўды дае вынікі. Майстар падрыхтавала пераможцаў камандных спаборніцтваў 28-га чэмпіянату Масквы па кулінарным мастацтве і сэрвісе сярод юніёраў. Педагог адзначыла, што сакрэт перамогі хаваецца ў стараннай падрыхтоўцы і каманднай рабоце. «Над падрыхтоўкай да чэмпіянату працавала цэлая каманда, кожны выконваў свае абавязкі. У першую чаргу мы глядзелі, наколькі дзеці матываваныя, стрэсаўстойлівыя і ці могуць працаваць на адкрытай пляцоўцы, паколькі за працэсам падрыхтоўкі пастаянна назірае журы. Мы выбудоўвалі індывідуальны план: ацэньвалі псіхалагічную падрыхтаванасць, базавыя ўменні і здольнасць хутка засвойваць новае. На самой пляцоўцы працавалі двое навучэнцаў і адзін майстар — мая калега. Галоўнай умовай была іх сінхронная работа. І яны працавалі вельмі зладжана: ад пачатку і да канца падтрымлівалі ідэальную арганізацыю рабочых месцаў, выконвалі тэхніку бяспекі і своечасовую чарговасць аддачы страў. Менавіта гэтай бездакорнай работай наша каманда і пакарыла міжнароднае журы», — адзначае жанчына.
Першы настаўнік — галоўны прыклад на ўсё жыццё
Сваё стаўленне да вучняў — давернае, справядлівае і па-сапраўднаму паважлівае — Алена Казун пераняла ад сваёй першай настаўніцы. Успамінаючы пра яе, педагог ледзь стрымлівае слёзы. Вобраз гэтага мудрага чалавека назаўсёды застаўся у яе сэрцы яркім прыкладам таго, якім павінен быць сапраўдны настаўнік.
«Я да гэтага часу з велізарнай цеплынёй успамінаю сваю першую настаўніцу Соф’ю Іванаўну, — прызнаецца педагог. — Менавіта яна заклала ўва мне разуменне таго, наколькі важны дысцыпліна, патрабавальнасць і бескампрамісная справядлівасць. Калі я была ў старшых класах, мы сустрэліся, і яна сказала мне прарочыя словы: «Лена, не трэба табе ў медыцыну, ідзі ў педагогіку, у цябе будзе вельмі добра атрымлівацца працаваць з дзецьмі». Цяпер я працую з дарослымі дзецьмі, але заўсёды пры гэтым стараюся акружыць іх матчыным клопатам. Я проста стаўлю сябе на месца іх бацькоў і думаю: а як бы я хацела, каб ставіліся да майго дзіцяці?»
Наперадзе новыя вяршыні
Атрыманне звання «Мінчанін года» стала для педагога нечаканым, але вельмі прыемным сюрпрызам. «У такія моманты прыходзіць усведамленне, што я на сваім месцы, што калісьці выпадковасці аказаліся не выпадковымі. Я шчыра люблю сваю работу, люблю ўзаемадзейнічаць з моладдзю і бачыць аддачу. Асабліва кранальна было атрымліваць пасля ўзнагароджання велізарную колькасць віншаванняў ад маіх выпускнікоў», — сказала субяседніца.
На пытанне аб тым, чые перамогі радуюць мацней, майстар адказала, што для сапраўднага настаўніка асабістае прызнанне і трыўмф вучняў — гэта адно цэлае: «Гэтыя эмоцыі вельмі цесна ўзаемазвязаны. Вядома, я шчыра радуюся ўласным перамогам, але, калі чую, што мае выпускнікі развіваюцца і дасягаюць прафесійных вышынь, адчуваю сапраўдную гордасць».
Спачываць на лаўрах педагог не збіраецца: наперадзе заключны этап рэспубліканскага агляду «Майстар года — 2026». Фіналістам трэба прайсці яшчэ тры модулі, першы этап (візітка) паспяхова пройдзены, і педагог нацэлена выключна на перамогу.
У Дзень настаўніка Алена Казун адрасавала шчырыя пажаданні калегам: «Маладым спецыялістам хочацца пажадаць, каб яны нічога не баяліся. Наша прафесія неймаверна цікавая, насычаная, у ёй ты пастаянна знаходзішся ў руху. Трэба проста набрацца сіл. А сваім вопытным калегам я ад усёй душы жадаю ўдзячных вучняў, пастаяннага прафесійнага развіцця, яркіх пабед і плённай работы».
Паліна ТОЛКАЧ, фота гераіні публікацыі, БЕЛТА.




