Крутой назваў галоўныя задачы новага памочніка Прэзідэнта — інспектара па Мінску
8 ліпеня, Мінск . Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Дзмітрый Крутой прадставіў кіруючаму актыву сталіцы новага памочніка Прэзідэнта — інспектара па горадзе Мінску Дзмітрыя Равуцкага ў Мінгарвыканкаме,
На пасаду памочніка Прэзідэнта — інспектара па горадзе Мінску Дзмітрый Равуцкі назначаны 8 ліпеня ўказам Аляксандра Лукашэнкі. Дзмітрый Крутой адзначыў, што Прэзідэнт ахарактарызаваў Дзмітрыя Равуцкага як дасведчанага і вопытнага чалавека, які разумее спецыфіку Мінска і сутыкаўся з праблемамі сталіцы ў сваёй папярэдняй рабоце. «Дзмітрый Васільевіч валодае добрай эканамічнай і фінансавай падрыхтоўкай. Шмат гадоў я асабіста ўзаемадзейнічаў з ім на розных пасадах па тых ці іншых пытаннях і магу адзначыць яго вялікую прыстойнасць, прынцыповасць і імкненне разабрацца нават у самых малазначных пытаннях. У яго заўсёды ёсць свой пункт гледжання на любыя пытанні, падмацаваны добрай аргументацыяй, што з’яўляецца вельмі каштоўнай якасцю для работы», — расказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.
Ён дадаў, што асноўнай задачай Дзмітрыя Равуцкага будзе кантроль за выкананнем даручэнняў Прэзідэнта, якія датычацца Мінска, а таксама рэалізацыя рашэнняў кіраўніка дзяржавы, замацаваных у нарматыўных актах. «У гэтым плане яны будуць цесна працаваць з Уладзімірам Кухаравым. Я думаю, атрымаецца ўзаемадапаўняльная работа ў частцы рэалізацыі рашэнняў Прэзідэнта. На гэтым сёння зроблены асаблівы акцэнт, таму што шэраг задач, якія стаяць перад кіраўніцтвам горада, даволі маштабныя», — адзначыў Дзмітрый Крутой.
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта падкрэсліў, што сярод задач новага памочніка — аналіз сацыяльна-эканамічнай абстаноўкі і грамадска-палітычных працэсаў у Мінску праз узаемадзеянне з людзьмі і кіраўнікамі прадпрыемстваў. «Сур’ёзная частка яго работы будзе звязана з кадравай палітыкай нашага кіраўніка. Сёння Прэзідэнт яшчэ раз абазначыў некалькі сваіх прынцыпаў у кадравай рабоце: пастаянная ратацыя кадраў, расстаноўка без кланаў, кумаўства і карупцыі, а таксама адсутнасць «ляжання на пасадзе». Гэтыя прынцыпы складаюць базавую аснову работы Прэзідэнта», — дадаў ён.
Новаму памочніку Прэзідэнта трэба ўзаемадзейнічаць з людзьмі ў працоўных калектывах і працаваць у ідэалагічным напрамку. Дзмітрый Крутой адзначыў, што сур’ёзным выклікам сталі сацыяльныя сеткі, дзе грамадзяне штодзень запісваюць відэаролікі з рознымі рэзананснымі тэмамі. «Прэзідэнт уважліва і штодзённа знаёміцца з гэтымі матэрыяламі, і на долю Мінска прыпадае значная частка гэтай работы. Гэта фактычна штодзённы паток зваротаў, які стаў тэндэнцыяй і стварае інфармацыйнае напружанне, — растлумачыў ён. — Я хачу, каб Дзмітрый Васільевіч паглядзеў на гэту сітуацыю на свае вочы і зрабіў высновы, каб мы маглі больш дакладна і сістэмна настроіць гэты працэс. Але тое, што да людзей трэба ісці і з людзьмі трэба размаўляць, не выклікае ніякіх сумненняў».
Сярод пастаўленых задач Дзмітрый Крутой таксама адзначыў узаемадзеянне з усімі службамі, структурамі і ведамствамі горада, павышаную ўвагу да прамысловых прадпрыемстваў, жыллёвага будаўніцтва, інвестыцыйных пляцовак і многіх іншых сфер.
Дзмітрый Равуцкі ў сваю чаргу адзначыў, што Мінск яму знаёмы і ў яго ёсць разуменне, як працаваць са сталіцай. У той жа час ён дадаў, што для выканання пастаўленых задач яму спатрэбіцца больш інфармацыі. Таму новы памочнік Прэзідэнта звярнуўся да кіруючага актыву Мінска з просьбай аказаць садзейнічанне ў гэтым пытанні. «Я пастараюся як мага хутчэй разабрацца ва ўсіх пытаннях і стаць сапраўды карысным. Мая мэта — працаваць на рэзультат», — запэўніў ён.
Фота Максіма Гучака





