Інтэлігентная атмасфера і яркія ўражанні: «Ноч музеяў» у Магілёве
16 мая, Магілёў /Кар.БЕЛТА/. Магілёў далучыўся да штогадовай міжнароднай акцыі «Ноч музеяў», прапанаваўшы жыхарам і гасцям горада насычаную культурна-адукацыйную праграму, якая доўжылася 15 мая да позняга вечара,
У гэтым годзе да акцыі падключыліся вядучыя музеі абласнога цэнтра: мастацкі музей імя Масленікава, абласны краязнаўчы музей, музей этнаграфіі, музей Славы Магілёўшчыны і музей гісторыі Магілёва, раённыя музеі Магілёўскай вобласці. Аднак галоўным эпіцэнтрам падзей стала Ратуша — Музей гісторыі Магілёва, дзе разгарнулася насычаная праграма для жыхароў і гасцей горада.


Дырэктар Музея гісторыі Магілёва Сяргей Бяспанскі адзначыў, што сёлета да святкавання Сусветнага дня музеяў падключыўся ўвесь горад. «Наш музей сёння разам з усімі музеямі Рэспублікі Беларусь святкуе гэты дзень. Мы гатовы адкрыць свае фонды, свае экспазіцыі для таго, каб наведвальнік даведаўся глыбей пра гісторыю нашай краіны, дакрануўся да велічы подзвігу нашых продкаў, якія нам перадалі такую цудоўную краіну, як Рэспубліка Беларусь, — сказаў ён. — Праграма будзе прадаўжацца да 23 гадзін. Чакаецца некалькі дзясяткаў лакацый, усё самае разнастайнае: для аматараў літаратуры, гісторыі, музыкі, архітэктуры. Ёсць і маладзёжная праграма, таму запрашаем атрымаць добрае ўражанне». Паводле слоў дырэктара, цікавасць да акцыі расце з году ў год.

Асаблівы каларыт мерапрыемству надае атмасфера свята. Сярод наведвальнікаў Наталля Хатэнка, якая раней сама ўдзельнічала ў арганізацыі такіх падзей як супрацоўнік музея імя Масленікава, на гэты раз вырашыла атрымаць асалоду ад праграмы ў якасці гледача.
«Мне як музейнаму супрацоўніку, гэта ўсё вельмі знаёма і блізка. Мы заўсёды ўдзельнічалі: праводзілі майстар-класы, размалёўвалі дзяцей аквагрымам, танцавалі беларускія танцы, забаўлялі людзей непасрэдна ў самім музеі Масленікава, арганізоўвалі квесты па пошуку фрагментаў карцін, — падзялілася Наталля. — Сёлета мы з сяброўкай прыйшлі як гледачы. Вельмі любім нашу капэлу, ходзім на іх канцэрты. Хочацца паглядзець, што новага з’явілася. Знайсці новых сяброў і атрымаць агульнае мастацкае развіццё».
Алена Ерашова, якая прыйшла на акцыю разам з сяброўкай, адзначыла маштабнасць падзеі. Для яе «Ноч музеяў» — гэта пазнаць нешта новае. «Прыйшлі добра правесці час, паглядзець на прыгожых людзей, атрымаць уражанне ад яркіх прэзентацый, паслухаць музыку, акунуцца ў культурнае жыццё нашага горада, — расказала Алена. — Вельмі прыемна ўбачыць інтэлігентных людзей. Тут нейкая прыемная, станоўчая атмасфера, таму хочацца пабыць у ёй і пазнаць штосьці новае».


Праграма мерапрыемстваў у Магілёве сапраўды ўражвае разнастайнасцю. Гасцей чакаюць гістарычны экскурс-квест і кулінарнае падарожжа ў «Магілёўскую карчму» з квестам «Сакрэты магілёўскай кухні». Аматары тэхналогій змогуць ацаніць прэзентацыю праекта «Стагоддзі за хвіліны» і наведаць VR-экскурсіі. Для тых, хто аддае перавагу жывым сустрэчам з гісторыяй, падрыхтавана касцюміраваная экскурсія па экспазіцыі і наведванне нагляднай пляцоўкі Ратушы, дзе можна ўбачыць унікальны гадзіннікавы механізм. Усё гэта і шмат іншага — для наведвальнікаў музея.






