Дэпутаты нацэлены на ўмацаванне стратэгічных адносін з Расіяй, Кітаем і краінамі глабальнай большасці
15 верасня, Мінск . Дэпутацкі корпус нацэлены на ўмацаванне стратэгічных адносін з Расіяй, Кітаем і краінамі глабальнай большасці. На гэтым акцэнтаваў увагу старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка ў час першага пасяджэння чацвёртай сесіі Палаты прадстаўнікоў восьмага склікання,
Паводле яго слоў, Беларусь паспяхова ўбудоўваецца ў новую архітэктуру міжнародных адносін. Парламенцкая дыпламатыя ў гэтым працэсе становіцца значным стратэгічным рэсурсам, аб чым сведчаць вынікі работы Палаты прадстаўнікоў за мінулы год.
Па даручэнні кіраўніка дзяржавы адбыліся візіты кіраўніцтва Палаты ў Азербайджан, М’янму, Іран, дзе з лідарамі гэтых краін і парламентаў абмеркаваны перспектывы далейшага развіцця эканамічных і гуманітарных сувязей, рэалізацыі кааперацыйных праектаў.
Актывізацыі зацікаўленага дыялогу садзейнічалі візіты ў Беларусь парламенцкіх дэлегацый Алжыра, Венесуэлы, В’етнама, Зімбабвэ, Інданезіі, Казахстана, Турцыі. Беларусь наведалі старшыня Парламента краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна, старшыня Арабскага парламента.
«У час маючай адбыцца сесіі галоўную ўвагу трэба засяродзіць на ўмацаванні стратэгічных саюзніцкіх адносін з Расійскай Федэрацыяй. Будзе прадоўжана работа па ўніфікацыі і гарманізацыі заканадаўстваў дзвюх краін, парламенцкім суправаджэнні саюзных праграм, узмацненні міжнароднага пазіцыянавання Саюзнай дзяржавы і грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі», — сказаў Ігар Сергяенка.
Архіважным вектарам, паводле яго слоў, з’яўляецца ўмацаванне стратэгічнага партнёрства з Кітаем і краінамі глабальнай большасці. «Свет ужо не круціцца вакол Захаду. Цяпер у нашых планах — актыўнае ўзаемадзеянне з такімі ўплывовымі структурамі, як ШАС і БРІКС», — сказаў спікер.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў упэўнены ў неабходнасці больш шырока выкарыстоўваць вынікі візітаў, напрацаваныя кантакты і вопыт узаемадзеяння з МПА АСЕАН, ПАРЛАЦІНА, Азіяцкай парламенцкай асамблеяй і Панафрыканскім парламентам. 
Фота Мікалая Пятрова






