«Беллегпрам» плануе нарошчваць пастаўкі прадукцыі ў Татарстан
Фота з архіва 22 чэрвеня, Мінск . «Беллегпрам» плануе нарошчваць пастаўкі прадукцыі ў Татарстан. Аб гэтым паведаміла журналістам у Мінску старшыня канцэрна Надзея Лазарэвіч перад пачаткам круглага стала з удзелам прадстаўнікоў беларускіх і татарскіх прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці, які прайшоў на базе МТЗ,
«У нас вельмі добрыя ўзаемаадносіны з гэтым рэгіёнам. Мы пастаўляем ужо шэраг найменняў прадукцыі ў Татарстан — унікальныя тэхналагічныя тканіны, нашу сыравіну — ільнотрасту», — адзначыла Надзея Лазарэвіч.
Адзін з перспектыўных напрамкаў — супрацоўніцтва ў вытворчасці школьнай формы. Беларускія вытворцы гатовы прапанаваць швейным прадпрыемствам Татарстана свае тканіны і фурнітуру. Гэта пытанне ў тым ліку абмяркоўвалася ў час наведвання дэлегацыяй такіх прадпрыемстваў, як «Камволь» і «Галантэя».
«Сёння яшчэ больш узмоцнім пазіцыі. У нас была ўжо сустрэча з вытворцамі школьнай формы Татарстана. Трэба больш дэталёва расказаць, чым лепшыя нашы тканіны, чаму яны недзе ў цэнавым фактары крыху адрозніваюцца», — адзначыла Надзея Лазарэвіч, дадаўшы, што матэрыялы, з якіх шыюць адзенне для школьнікаў, адпавядаюць строгім стандартам. У Расіі таксама ідуць па шляху ўвядзення ДАСТаў для школьнай формы.
На парадку дня — тэхналагічныя тканіны для спецадзення. Акрамя таго, партнёраў у Татарстане зацікавілі асобныя вырабы, якія выпускаюцца на Мінскім эксперыментальна-фурнітурным заводзе, Мінскім вытворчым гарбарным аб’яднанні. ААТ «Стужка» і ААТ «8 САКАВІКА» таксама маюць намер пастаўляць прадукцыю ў рэгіён, дасягнуты пэўныя дамоўленасці. Абмяркоўваецца і выкарыстанне беларускай авіяцыйнай скуры ў аддзелцы інтэр’ераў паветраных суднаў. Прадукцыя сертыфікавана па міжнародных стандартах. Лёгкая прамысловасць Беларусі гатова прапанаваць комплексныя рашэнні для авіяцыі.
«Вельмі важна захаваць вытворчасці, каб мы сумесна з Расійскай Федэрацыяй прасоўвалі нашы тэхналагічныя тканіны, — адзначыла Надзея Лазарэвіч. — Напрыклад, больш за 50 працэнтаў удзельнай вагі ў тканінах «Камволя» — сыравіна Расійскай Федэрацыі. Чаму не назваць «саюзным прадуктам»? Нашы тканіны могуць пастаўляцца ў Расійскую Федэрацыю для адшыўкі школьнай формы, спецадзення, коўдраў. Думаю, выпрацуем мерапрыемствы, якія дадуць магчымасць сумесна быць канкурэнтнымі ўжо ў гатовым вырабе».
Раней адбыўся візіт прадстаўнікоў «Беллегпрама» ў Татарстан. Па пэўных пазіцыях у гэтым годзе аб’ём паставак прадукцыі дасягнуў каля $2 млн.
Візіт дэлегацыі Рэспублікі Татарстан на чале з намеснікам прэм’ер-міністра, міністрам прамысловасці і гандлю Рэспублікі Татарстан Алегам Каробчанкам праходзіць у перыяд з 21 па 23 чэрвеня. Ён накіраваны на ўмацаванне ўзаемавыгадных сувязей у сферы лёгкай прамысловасці, што з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў, нядаўна абазначаных кіраўніком Татарстана Рустамам Мініханавым у ходзе сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі. Бакі абмяркоўваюць перспектывы кааперацыі, пытанні імпартазамяшчэння і пашырэння гандлёвых сувязей.
Фота «Беллегпрам»





