МАРГ працуе над праектам закона аб пасрэдніцкіх лічбавых платформах
Фота з архіва 18 кастрычніка, Мінск . Пры МАРГ створана рабочая група, якая распрацоўвае праект закона аб пасрэдніцкіх лічбавых платформах. Аб гэтым у эфіры тэлеканала СТБ расказала намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання — начальнік аддзела метадалогіі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Ірына Шпак, .
Праект закона прадугледжвае стварэнне арганізацыйных і прававых асноў функцыянавання пасрэдніцкіх лічбавых платформ у Беларусі. Размова ідзе перш за ўсё аб інтэрнэт-пляцоўках, агрэгатарах і службах дастаўкі. Дакумент таксама вызначыць асноўныя палажэнні ўзаемадзеяння аператараў платформ з карыстальнікамі — прадстаўнікамі бізнесу (прадаўцамі і выканаўцамі) і спажыўцамі.
Адна з асноўных задач праекта — забяспечыць празрыстасць і прадказальнасць дзейнасці аператараў лічбавых платформ, якія ўжо займаюць значнае месца ў эканоміцы і аказваюць істотны ўплыў на яе. «Бізнесу, які працуе з выкарыстаннем лічбавых платформ, важна разумець, на якіх умовах ён вядзе прадпрымальніцкую дзейнасць. Гэтыя ўмовы павінны быць стабільнымі і прадказальнымі», — адзначыла Ірына Шпак.
Другі напрамак — стварэнне бяспечнага лічбавага асяроддзя і развіццё канкурэнцыі на лічбавых платформах. «Аператары пасрэдніцкіх лічбавых платформ — буйны бізнес. Улічваючы іх значны ўплыў ва ўсім свеце, у тым ліку ў Беларусі, важна захоўваць баланс інтарэсаў буйнога і малога бізнесу, які працуе на такіх платформах», — падкрэсліла намеснік начальніка ўпраўлення.
Трэці акцэнт — абарона правоў і законных інтарэсаў карыстальнікаў. «МАРГ рэгулюе дзейнасць у сферы гандлю. У праекце закона прадугледжаны механізмы рэгулявання значных замежных платформ у мэтах забеспячэння кантролю за іх дзейнасцю і забеспячэння паўнацэннай абароны нашых спажыўцоў. У прыватнасці, для такіх платформ прадугледжваецца патрабаванне стварыць юрыдычную асобу або філіял у Беларусі. Патрабаванні да іх дзейнасці пазней вызначыць урад», — расказала Ірына Шпак.
Больш актуальных навін і аналітыкі гледзіце на VIDEOBEL.BY.





