Беларускія пяціборцы выйгралі эстафету на першынстве кантынента-U15
Фота НАК Беларусі 12 верасня, Мінск . Беларусы заваявалі два медалі ў суботніх эстафетах на юнацкім чэмпіянаце Еўропы па сучасным пяцібор’і ў Партугаліі,
Перамогу ў катэгорыі U15 атрымалі Клім Гнедчык і Дзяніс Жыгалаў. Беларусы паказалі лепшыя вынікі на паласе перашкод і лазер-ране і былі другімі ў плаванні. На фінішы нашы пяціборцы на 24 секунды абышлі дуэт з Польшчы, тройку прызёраў дапоўнілі італьянцы. Другі беларускі тандэм Цімафей Захараў — Мацвей Падольскі замкнуў топ-5. Раней Клім і Дзяніс узялі золата і серабро кантынентальнага форуму-U15 у асабістым турніры.
Таксама 12 верасня адбылася эстафета ў дзяўчат, у якой другое месца занялі нашы Аліса Квашнеўская і Дар’я Федаровіч. У канцы жніўня беларускі сталі чэмпіёнкамі свету-U15 у гэтым відзе праграмы, але сёння ўступілі шэсць ачкоў полькам. Яшчэ адна наша пара — Настасся Суворава і Даяна Глушакова — фінішавала трэцяй, аднак засталася без медаля з-за ліміту на адзін дуэт ад кожнай краіны на п’едэстале. Бронзу атрымалі швейцаркі.






