Беларуская песня ў выкананні Тота Кутуньё і арганная музыка. Чым здзівіў ХІХ «Славянскі базар»
29 чэрвеня, Віцебск . Да ХХХV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» засталося 17 дзён. БЕЛТА прапануе акунуцца ў рэтраспектыву: штодзённа ў архіўных матэрыялах расказваем пра самыя яркія моманты кожнага фестывалю па гадах. Сёння — пра фестываль 2010 года.
ХІХ Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» ў 2010 годзе праходзіў с 9 па 16 ліпеня. У ім прынялі ўдзел каля 5 тыс. гасцей з 34 краін. Упершыню на форум прыехалі прадстаўнікі Чарнагорыі, Панамы і Кубы.
На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця фестывалю Прэзідэнт Беларусі, старшыня Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ўручыў прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2009-2010 гады народнаму архітэктару Расіі Юрыю Грыгор’еву, народнаму мастаку Беларусі Льву Гумілеўскаму і яго сыну мастаку Сяргею Гумілеўскаму, расійскаму скульптару Юрыю Арэхаву і народнаму мастаку Беларусі Леаніду Шчамялёву.
Лаўрэатамі спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення» сталі народны артыст СССР Уладзімір Мулявін і легендарны беларускі ансамбль «Песняры». Яго імя і назва калектыву было ўвекавечана на Алеі зорак. Таксама яму прысвяцілі трохгадзінны канцэрт у Летнім амфітэатры майстры мастацтваў Беларусі.
Ордэнам Францыска Скарыны за значны асабісты ўклад ва ўмацаванне дружалюбных сувязей узнагароджаны народны артыст Расіі Юрый Антонаў.
На гала-канцэрце ўрачыстага адкрыцця фестывалю выступілі выканаўцы і калектывы з дзевяці краін. У фінале яны выйшлі на сцэну разам з Юрыем Антонавым. Песню «Под крышей дома твоего» разам з артыстамі праспявала зала, а неба расквецілі феерверкі.
На галоўнай сцэнічнай пляцоўцы фестывалю адбылося 19 канцэртаў, іх убачылі каля 110 тыс. чалавек.
Канцэртная праграма «Дзве сястры — Беларусь і Расія», прысвечаная Дню Саюзнай дзяржавы, была складзена з твораў Кіма Брэйтбурга. У 2010 годзе кампазітару, музыканту, прадзюсару споўнілася 55 гадоў. Гэта адзіны выпадак на фестывалі, калі два канцэрты мелі адну і тую ж назву. Першы адбыўся ў 2006 годзе і быў прысвечаны дзясятай гадавіне Дня яднання народаў Беларусі і Расіі. Назву ім дала песня, якую напісаў Кім Брэйтбург. На канцэрце прагучалі прэм’еры песень. Адна з іх — «Праздники», яе выканалі Анатоль Ярмоленка і ансамбль «Сябры».
На гала-канцэрце майстроў мастацтваў Расіі выступіў народны артыст Расіі Дзмітрый Хварастоўскі ў суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра Беларусі.
Сольны канцэрт народнага артыста Расіі Юрыя Антонава выклікаў асаблівае захапленне. Ён выканаў свае шлягеры 70-80-х гадоў. Яго шматразова выклікалі на біс. Гледачы дзякавалі кампазітару і спеваку за цудоўныя песні і віншавалі яго з 65-годдзем. «Я не быў на «Славянскім базары ў Віцебску» 12 гадоў, але захаваў цудоўныя ўспаміны аб фестывалі, які вызначаецца нейкай асаблівай душэўнасцю. І цяпер я зноў злавіў хвалю любові гледачоў. Я думаю, што мае старыя песні папулярны таму, што ў іх мелодыя, душа, яны не сканструяваны, а запісаны за раялем. Гэта натуральны прадукт», — сказаў у інтэрв’ю Юрый Антонаў.
На сцэне Летняга амфітэатра выступіў таленавіты кампазітар і выканаўца Тота Кутуньё. Сюрпрызам для гледачоў стала вядомая песня «А я лягу, прылягу», якую італьянец старанна праспяваў на беларускай мове.
Народны артыст Расійскай Федэрацыі Стас Міхайлаў выступіў з праграмай «Новае і лепшае». Білеты на яго канцэрт былі раскуплены на працягу трох дзён.
На ХІХ фестывалі 19 маладых талентаў з 19 краін прынялі ўдзел у Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2010». Уладальнікам Гран-пры стаў выканаўца з Харватыі. На міжнародным дзіцячым песенным конкурсе выступілі 22 удзельнікі з 19 краін. Галоўную ўзнагароду заваяваў юны артыст з Румыніі.
Упершыню на плошчы Перамогі адбыліся фестывальныя канцэрты, для якіх была спецыяльна зманціравана сцэна 280 кв.м. Кожны з канцэртаў наведалі каля 15 тыс. гледачоў. На адным з іх з сольнай праграмай выступіў расійскі спявак Дзіма Білан. На цырымоніі закрыцця фестывалю ён праспяваў разам з віцебскім дзіцячым хорам.
У афішу «Тэатральных сустрэч — 2010» увайшло шэсць праектаў, у тым ліку аўтарскі вечар народнай артысткі Расіі Святланы Кручковай.
Каля 900 рамеснікаў і мастакоў прадставілі свае вырабы ў «Горадзе майстроў». Трэці раз прайшоў конкурс майстроў саломапляцення «Папараць-кветка», у якім прынялі ўдзел 60 умельцаў з розных рэгіёнаў Беларусі.
У Цэнтры народных рамёстваў і мастацтваў «Дзвіна» адбылося народнае шоу з папулярнымі ірдандскімі танцамі і жывой музыкай у стылі фолк «Ірландскі фэст».
На фестывалі традыцыйна былі арганізаваны прэс-канферэнцыі «Зорная гадзіна», гасцямі якіх сталі Юрый Антонаў, Вера Глаголева, Таісія Павалій, Ігар Карнялюк і інш. У інтэрв’ю з журналістамі заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Ігар Карнялюк сказаў: «Што мяне ўразіла больш за ўсё — гэта маштаб фестывалю. Яго арганізатары — калі не Богі, то, ва ўсякім выпадку, — намеснікі Бога па фестывальнай частцы. Як маленькі Віцебск вытрымлівае такі магутны артыстычны дэсант! Гэта — фантастыка! Арганізатары дастойны помнікаў з золата».
Упершыню на фестывалі прагучала арганная музыка. Канцэрт адбыўся ў Віцебскай абласной філармоніі.
Асноўныя мерапрыемствы ХХХV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» пройдуць з 16 па 19 ліпеня, а першыя канцэрты запланаваны ўжо на 14 ліпеня.







