Архітэктар светаў. Сямікласнік у Беларусі стварае камп’ютарныя гульні, якія вучаць матэматыцы і клопату аб экалогіі
25 чэрвеня, Мінск . Сямікласнік Ілья Левін, як і многія іншыя сучасныя падлеткі, вельмі любіць гуляць у камп’ютарныя гульні. Праўда, у адрозненне ад большасці равеснікаў, частку з іх ён прыдумаў і стварыў сам. Юнак асвоіў азы праграмавання яшчэ ў пачатковай школе. Даведаліся ў таленавітага падлетка, як нараджаюцца новыя віртуальныя светы і чаму стварэнне гульняў — не проста забава, а шлях да паспяховай будучыні.
Ілья прызнаецца, што захапіўся стварэннем камп’ютарных гульняў некалькі гадоў таму. Вырашыў пайсці па слядах свайго таты, які працуе інжынерам-праграмістам.
Свае першыя гульні Ілья ствараў на мове праграмавання Scratch. Яе асаблівасць у тым, што код не пішацца з нуля, а складаецца з пэўных дэталей — блокаў. Такім чынам праграміст можа дабаўляць персанажаў, мяняць фон і змяняць іншыя параметры.
«Да стварэння сваёй першай самастойнай гульні «Энергаквест» я перайшоў адразу ж, як пачаў працаваць у Unity. Гуляючы ў яе, чалавек вучыцца клопату аб экалогіі і правільнаму сартаванню смецця. У рэжыме віктарыны трэба адказваць на пытанні, — растлумачыў юнак. — Гэта гульня разлічана ў першую чаргу на вучняў 1-2-х класаў, менавіта ў гэтым узросце лёгка запомніць правілы, і яны застануцца з вамі на ўсё жыццё».
Другая гульня Ільі — «Свет чатырох знакаў» — створана ў жанры сярэдневяковага фэнтэзі. Іграку даецца пэўны сюжэт, па якім ён ідзе, вырашаючы розныя задачы. Напрыклад, трэба палічыць, колькі будзе 0,3 плюс 0,04, і выбраць з прапанаваных варыянтаў правільны адказ.

Каб працаваць над стварэннем гульняў было прасцей, Ілья асвоіў нейрасеткі. «Рабіць графіку для гульняў можна некалькімі спосабамі: рысаваць самому, знайсці мастака і працаваць разам або з дапамогай нейрасетак. Першыя варыянты мне не асабліва падыходзілі, таму прыйшлося асвоіць апошні. У выніку ўся графіка, якая ёсць у маіх гульнях, створана з дапамогай штучнага інтэлекту», — адзначае школьнік і ўдакладняе, што ва ўсім яму дапамагае тата. 
Дарэчы, свае гульні Ілья Левін паспяхова прэзентаваў на такіх выставах, як Unicon & GameExpo, TIBO, «Цёмныя матэрыі».
Ілья Левін — герой нашага праекта «Беларусы ў кадры». Даведаліся ў сямікласніка аб тым, як у такім юным узросце асвоіць азы праграмавання і ствараць пазнавальныя камп’ютарныя гульні. Таксама пагаварылі аб штучным інтэлекце і ўдзеле ў выставах.
*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.



