Мінбудархітэктуры зацікаўлена ў маштабаванні паспяховых праектаў камфортнага гарадскога асяроддзя
Фота з архіва 22 лістапада, Мінск . Мінбудархітэктуры імкнецца да пашырэння ініцыятыў па стварэнні камфортнага асяроддзя ў жылых раёнах і зацікаўлена ў распаўсюджванні паспяховых праектаў па добраўпарадкаванні гарадоў. Аб гэтым паведаміў журналістам намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Балашэнка ў Мінску на адкрыцці ІІІ Міжнароднага архітэктурнага форуму «Эфектыўнае асяроддзе»,
«У рэспубліцы можна знайсці шмат прыкладаў добрых праектных рашэнняў для жылых кварталаў. Нам ёсць што паказаць сусветнай супольнасці. Трэба дэманстраваць дасягненні, поспехі», — адзначыў намеснік міністра.
У мінулыя гады на форуме ў цэнтры ўвагі архітэктараў былі Брэст і Гродна, у гэтым — Гомель. «Міністэрства як рэгулятар арыентавана на тое, каб здымаць абмежаванні, бар’еры, даваць прастору для творчасці, развіцця, не стрымліваць укараненне прагрэсіўных рашэнняў і прарыўных ідэй. Са свайго боку канцэнтруемся перш за ўсё на забеспячэнні бяспекі, надзейнасці, даўгавечнасці канструкцый. А пытанні камфорту павінны вырашаць грамадзяне, праекціроўшчыкі, горадабудаўнікі, вытворцы матэрыялаў», — лічыць Аляксандр Балашэнка.
Ён адзначыў важнасць дыялогу прафесіяналаў, прыцягнення да абмеркавання міжнародных экспертаў, абмену вопытам паміж рэгіёнамі і сталіцай. «Для гэтага і патрэбны форум, каб вызначыць баланс паміж камфортам жыхароў, затратамі інвестараў, дэвелапераў, а таксама матэрыяламі, якія прымяняюцца», — адзначыў Аляксандр Балашэнка.
Праграма форуму ўключае лекцыі, майстар-класы, прэзентацыі арыгінальных праектных рашэнняў. Галоўная тэма ў гэтым годзе — «Азарэнне: ад стратэгічнага бачання да прасторавых рашэнняў і архітэктурнай інтуіцыі». Былі запланаваны выступленні 25 беларускіх і замежных экспертаў у галіне архітэктуры, горадабудаўніцтва і дэвелапменту.
Кульмінацыяй стала ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў архітэктурнага конкурсу. Удзельнікі распрацоўвалі канцэпцыі эфектыўнага асяроддзя грамадскай прасторы і жылога квартала ў Гомелі. Праект выклікаў вялікі інтарэс: арганізатары атрымалі 107 заявак з Беларусі, Расіі, Казахстана і Узбекістана.






