«Важна захаваць сучаснае і часцей задумвацца, што чакае ў будучым». Якія тэмы гучалі на сустрэчы Жука з кабрынчанамі
20 жніўня, Кобрын . Амаль дзве гадзіны доўжылася размова жыхароў Кобрынскага раёна з міністрам інфармацыі Дзмітрыем Жуком у час рэспубліканскага інфармацыйна-асветнага праекта «Пульс краіны: факты, трэнды, сэнсы»,
У Кобрыне ў Палацы культуры сёння сабраліся больш за 600 чалавек, якія працуюць у розных сферах: гандлі, транспарце, ЖКГ, прыватным сектары і інш. Дзмітрый Жук прапанаваў пагаварыць пра нас, беларусаў, на якім гістарычным этапе знаходзіцца краіна, а таксама пра тое, што важна для ўсіх людзей.

«Напэўна, варта пагаварыць пра падзеі, якія адбыліся роўна 35 гадоў таму, — адзначыў ён. — Я маю на ўвазе ДКНС (Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы. — Заўвага БЕЛТА), той самы жнівеньскі путч. Якраз у гэты час я быў у Брэсце на ваенных зборах як студэнт Беларускага дзяржуніверсітэта. Але нас хутка з граніцы звярнулі, мы там экзамены здалі, на тыдзень нам зборы ўрэзалі. Вядома, радаваліся. Былі маладымі і добра не разумелі, што гэта за ДКНС, што хочуць гэтыя старыя з экрана тэлевізара. А на самай справе разбуралася краіна, у якой я вырас». Дзмітрый Жук дадаў, што хутка Савецкі Саюз перастаў існаваць. «Таму што тут жа, на Брэстчыне, у Віскулях, тры чалавекі падпісалі акт капітуляцыі. А ведаеце, у якой вайне капітуляваў Савецкі Саюз? Абсалютна правільна, у халоднай. Захад перамог упершыню за многія гады, таму што краіна развалілася», — звярнуў увагу міністр. 
У такі няпросты час Беларусь пачала будаваць суверэнную дзяржаву. «У нас ёсць унікальная магчымасць за апошнія 100 з лішнім гадоў гэты ўзровень жыцця перадаць наступнаму пакаленню. Каб яны стартавалі не як мы, з нуля, а з таго ўзроўню дабрабыту і дастатку, якія сёння ёсць у краіне. Украінцы ўжо не змогуць, малдаване — таксама», — падкрэсліў Дзмітрый Жук.
Вядомы факт: чалавек адчувае сябе ўпэўнена, калі жыве ў дастатку, задавальняюцца яго патрэбнасці. Асноўная задача дзяржавы — каб узровень дабрабыту планамерна рос. Першае пытанне паказала ўжо, што хвалюе людзей не менш за гэта. Кабрынчанін Мікалай пацікавіўся абстаноўкай ля паўднёвых граніц нашай краіны, ці ёсць пагроза вайны на беларускай зямлі. «Нашы ваенныя робяць усё, што яны павінны рабіць, але пытанне ў іншым: што сёння забяспечвае бяспеку? Магчымасць і сіла дзяржавы нанесці праціўніку непрымальны ўрон. Прасцей кажучы, каб да цябе не лезлі. Ці ёсць гэта магчымасць у нашай дзяржавы? Так. Аляксандр Лукашэнка вярнуў тактычную ядзерную зброю на тэрыторыю Беларусі. Важны фактар — у чыіх руках яна знаходзіцца», — заўважыў міністр. Паводле яго слоў, якой можа быць рэакцыя ў выпадку чаго ў Прэзідэнта Беларусі, ведаюць і на поўдні, і на захадзе.
Вольга Мартыненка задала міністру інфармацыі не менш актуальнае пытанне: як абараніць сябе і дзяцей ад інфармацыйных укідаў у інтэрнэце. Дзмітрый Жук параіў абмяжоўваць выкарыстанне смартфонаў. «Дзеці наіўныя, у гэтым іх самая вялікая слабасць. Як і старыя людзі. Мазгі ўключаць трэба. Калі паглядзелі нешта і гэта выклікала эмоцыі, асабліва негатыўныя, захацелася заступіцца, калі нешта несправядліва або некага пакрыўдзілі, — перавярніце экран, адкладзіце тэлефон. Калі ў вас ёсць эмоцыя — вас ужо хакнулі. Пераглядзіце праз 20 мінут, вы здзівіцеся, наколькі будзе іншае стаўленне да таго, што бачыце. Самы галоўны вораг чалавека — ён сам, калі прымае рашэнні пад уздзеяннем эмоцый, разважлівасць адключаецца. Вось на гэта разлічана», — растлумачыў ён. Дзмітрый Жук парэкамендаваў у такой сітуацыі задаць сабе простае пытанне «Навошта?»: навошта гэта трэба мне, маім бацькам, дзецям? навошта хочуць ад мяне рэакцыю?

Таццяна Дзянісава прадоўжыла тэму кібербяспекі. Жанчына звярнула ўвагу, што нярэдка персанальныя даныя беларусаў аказваюцца ў распараджэнні махляроў. Яе цікавіла, што неабходна зрабіць для абароны ад аферыстаў. Дзмітрый Жук засяродзіў увагу, што ўсё, што датычыцца персанальных даных, — вельмі адчувальная сфера ў сувязі з лічбавізацыяй. Пры гэтым людзі самі пакідаюць інфармацыю аб сабе ў магазінах, на розных інтэрнэт-платформах, у сацыяльных сетках. «У першую чаргу трэба навучыцца абараняць свае персанальныя даныя самому», — перакананы міністр інфармацыі.
Таццяна Дзянісава засталася задаволена адказам і ў цэлым сустрэчай: «Я чакала маналогу. Быў сапраўды дыялог, і кожны чалавек мог задаць пытанне, якое яго цікавіць, і атрымаць дакладны адказ. Я задала пытанне аб кібербяспецы і атрымала разгорнуты адказ. Нядаўна махляры патэлефанавалі маёй маці і давялі яе да такога стану, што яна ўжо ехала ў аўтобусе ў банк, каб адкрыць рахунак. Выпадкова мы набралі ёй. На працягу цэлай гадзіны яе трымалі ў напружанні. Заставаліся лічаныя хвіліны да таго, каб узяць крэдыт.
Дзякуй богу, што гэта ўсё мы прадухілілі. Вельмі шмат знаёмых, якія маюць вышэйшую адукацыю, работу і ўсё роўна пападаюцца на хітрасці махляроў. Кожны дзень чуем такія гісторыі».
Пытанне мясцовай жыхаркі Людмілы выклікала ажыўленне ў зале, паколькі апошнім часам беларусы абмяркоўваюць навіну, што дзіцячая дапамога будзе прывязана да сярэдняй зарплаты. Многія мамы хвалююцца, ці не здарыцца так, што яе памер стане меншым за існуючы. «На нарадзе ў Прэзідэнта падтрыманы падыход, які Мінпрацы выклала. На самай справе пойдзе ў плюс мамам. Тое, што ёсць, мінімальным застанецца. Тым, у каго зарплата вышэйшая, прапорцыя будзе вызначана. Максімальна гэта будзе сярэдняя зарплата па краіне. Калі ў дзяўчыны была высокая зарплата, значыць, ёсць варыянт, што яна будзе атрымліваць больш. Гэта павінна прайсці праз парламент у форме закона. Спадзяёмся, гэта ўступіць у сілу з 1 студзеня, такія разлікі вядуцца», — адзначыў Дзмітрый Жук. Таксама ён упэўнены: калі беларусы не будуць нараджаць беларусаў, да нас прыедуць іншыя. У якасці прыкладу можна паглядзець на сітуацыю з мігрантамі ў Еўропе. 
Сяргея Кешко цікавіла, як інфармацыя аб Беларусі паступае за мяжу і як развенчваюцца міфы аб тым, што наша краіна — небяспечная. Паводле слоў Дзмітрыя Жука, каб ведаць праўду аб жыцці ў краіне, трэба чытаць і глядзець мясцовую прэсу, а не замежную. «Нас там блакіруюць і будуць блакіраваць. Гэта па-першае. Па-другое — моўны бар’ер. Хто цікавіцца, той мае інфармацыю. Мы павінны разумець, што інфармацыйная вайна больш жорстка ідзе за нашы розумы. Мы стараемся процістаяць гэтаму рознымі спосабамі. Думаеце, што туды АНТ, БТ, БЕЛТА, СБ будуць заходзіць і ўсе нас будуць рады бачыць? Ні ў якім разе, мы там у чорных спісах. Як можна весці барацьбу на чужой тэрыторыі? Партызанім. Мы, беларусы, прывычныя да гэтай гісторыі», — расказаў ён.
Кабрынчанін Аляксандр згадаў пра падзеі 2020 года. Ён задаўся пытаннем, ці магчымы спробы «расхістаць» беларусаў і як ад гэтага засцерагчы сябе. «Будуць хістаць абавязкова, нават не сумнявайцеся. Тым больш у нас на адзіны дзень галасавання прыйдуць упершыню галасаваць 380 тыс. маладых людзей. Яны не памятаюць 2020-ы, што і чаму было. У прычынах ужо дакладна не будуць разбірацца. Трэба тлумачыць і расказваць. Прышчэпку мы тады атрымалі, але яна ж нейкі час дзейнічае», — заўважыў міністр. 
Уладзіміра Паддубнага гэты адказ прымусіў задумацца аб тым, што можа быць у Беларусі ў 2030 годзе. «Актуальна, таму што мы становімся старэйшымі, дзеці ў нас падрастаюць, трэба думаць пра будучыню, што нас чакае наперадзе. Важна паглядзець на сітуацыю пад іншым вуглом. Таму што бытавуха, руціна зацягваюць. Кожны дзень дом — праца — дом. Няма часу спыніцца, азірнуцца, паглядзець, што мы робім, што пакідаем пасля сябе. Лічу, што гэта важна», — запэўніў мужчына. 
На сённяшняй сустрэчы ў зале былі і маладыя людзі. Паслухаўшы гутарку, яны зрабілі для сябе пэўныя высновы. «Самае галоўнае, што для сябе падкрэсліла, — што вельмі важна захаваць сучаснае і часцей задумвацца аб тым, што чакае нас у будучым», — падзялілася Дар’я Іванюк.
Пасля заканчэння сустрэчы Дзмітрый Жук заўважыў, што людзям цікавы фармат узаемадзеяння «вочы ў вочы». «Людзей цікавяць пытанні, звязаныя са штодзённым жыццём, з будучым, з сацыяльнай палітыкай. Я не пачуў ні аднаго пытання, якое б, скажам так, мела крытычна сістэмны характар. Так, ёсць тое, што трэба палепшыць. Людзі гэта бачаць, гавораць аб гэтым, — сказаў міністр. — Мы павінны дакладна разумець, што мы павінны захаваць нашу краіну, захаваць тыя маральныя нормы, той узровень жыцця, якога дасягнулі і дабіліся за 30 гадоў суверэннай краіны. Напэўна, гэта самае важнае».
Фота Віялеты Южаковай





