Снег і галалёдзіца: лістапад рыхтуе генеральную рэпетыцыю зімы
Фота з архіва 19 лістапада, Мінск . У бліжэйшыя выхадныя лістапад рэзка зменіць мяккі атлантычны характар на суровы скандынаўскі: на змену дажджам і анамальнаму цяплу прыдуць арктычны холад, снег і галалёдзіца. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.
«Пасля цёплага і шэрага асенняга надвор’я нас чакае марозная зімовая казка. Да канца рабочага тыдня лістапад, апынуўшыся ва ўладзе заходніх цыклонаў, прадоўжыць падтрымліваць павышаны тэмпературны рэжым (на 1-5 градуса вышэй за кліматычную норму) пад акампанемент дажджоў. Аднак у трэцяй дэкадзе апошні асенні месяц возьме курс на пахаладанне і замест мяккага атлантычнага праявіць суровы скандынаўскі характар. Градус за акном істотна панізіцца і стане вагацца ад слабага мінуса да слабага плюса на працягу сутак, а ў паветры закружаць «белыя мухі», што будзе садзейнічаць фарміраванню нязначнага снежнага покрыва», — звярнулі ўвагу ў Белгідрамеце. Сіноптыкі таксама расказалі, як доўга прадоўжыцца генеральная рэпетыцыя зімы.
У бліжэйшыя суткі (20 лістапада) надвор’е ў Беларусі прадоўжаць вызначаць атмасферныя франты і паветраныя масы атлантычнага паходжання, якія паступаюць з Заходняй Еўропы. У сувязі з гэтым захаваецца цёплае з дажджамі надвор’е. Начныя мінімумы складуць ад нуля да плюс 6 градусаў, а дзённыя максімумы будуць знаходзіцца ў межах плюс 4-10.
У суботу, 21 лістапада, сінаптычная сітуацыя зменіцца. «Тэрыторыя нашай краіны апынецца ў тылавой частцы цыклону з цэнтрам над поўначчу Еўропы. У выніку паступлення халаднаватай няўстойлівай паветранай масы тэмпературны фон пачне паніжацца, а ападкі будуць ісці ў выглядзе дажджу з мокрым снегам. З нядзелі па сераду, 22-25 лістапада, адвекцыя паветраных мас арктычнага паходжання ўзмацніцца, таму ўсталюецца халаднаватае надвор’е з тэмпературным фонам ад мінус 5 да плюс 4 градусаў на працягу сутак. Пры гэтым франтальныя раздзелы і няўстойлівыя паветраныя масы, якія паступаюць з поўначы Еўропы, абумовяць ападкі (у асноўным снег, мокры снег) у большасці раёнаў краіны. У начны і ранішні час у вільготным паветры пры ваганнях тэмпературнага фону месцамі будуць адзначацца слабыя туманы і галалёдныя з’явы», — дадалі ў Белгідрамеце.
У пятніцу, 20 лістапада, часам пройдуць дажджы. Ноччу і раніцай месцамі магчымы слабы туман. Тэмпература паветра ноччу складзе ад нуля да плюс 6 градусаў, днём — плюс 4-10.
У суботу, 21 лістапада, месцамі па краіне чакаюцца кароткачасовыя ападкі (дождж, мокры снег). Ноччу і раніцай на асобных участках дарог магчыма галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу будзе ад мінус 3 да плюс 3 градусаў, па паўднёвым усходзе — да плюс 4, днём прагназуецца ад нуля да плюс 6 градусаў.
У нядзелю, 22 лістапада, на большай частцы тэрыторыі краіны выпадуць ападкі (мокры снег, дождж). У некаторых раёнах магчымы слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу складзе ад мінус 3 да плюс 2 градусаў, днём — ад мінус 1 да плюс 4.
У панядзелак, 23 лістапада, у многіх раёнах пройдуць ападкі, у асноўным снег, мокры снег. На асобных участках дарог магчыма галалёдзіца. Тэмпература паветра на працягу сутак складзе ад мінус 3 да плюс 3 градусаў.
У аўторак, 24 лістапада, на большай частцы тэрыторыі краіны пройдзе снег, мокры снег. На асобных участках дарог магчыма галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу складзе ад мінус 4 да плюс 1 градуса, днём будзе ад мінус 3 да 2 градусаў вышэй за нуль.
У сераду, 25 лістапада, у многіх раёнах краіны пройдзе невялікі снег, мокры снег. На асобных участках дарог магчыма галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу складзе ад нуля да мінус 5 градусаў, днём будзе ад мінус 3 да плюс 2 градусаў.
*Больш актуальнай і цікавай інфармацыі аб надвор’і глядзіце ў праграме АНТ «Метэагід» на VIDEOBEL.BY.






