Беларусь гатова нарошчваць пастаўкі мяса-малочнай прадукцыі і кандытарскіх вырабаў у Камчацкі край
Фота з архіва 30 верасня, Мінск . Беларусь гатова нарошчваць пастаўкі мяса-малочнай прадукцыі і кандытарскіх вырабаў у Камчацкі край. Аб гэтым ішла размова на пасяджэнні рабочай групы па супрацоўніцтве Беларусі і Камчацкага края Расіі, якое адбылося ў Мінску пад старшынствам міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксандра Якоўчыца і старшыні ўрада Камчацкага края Юліі Марозавай, паведамілі ў прэс-службе МАРГ.
Рашэннем урада Беларусі кіраўнік МАРГ замацаваны за Камчацкім краем і назначаны кіраўніком беларускай часткі рабочай групы. «Кожнае пасяджэнне рабочай групы мае асаблівую значнасць для нашых двухбаковых адносін. Хачу адзначыць яе эфектыўную ролю як пастаянна дзеючай перагаворнай пляцоўкі, якая дае магчымасць карэкціраваць стратэгію супрацоўніцтва і вызначаць перспектыўныя напрамкі ўзаемадзеяння», — сказаў Аляксандр Якоўчыц.
На пасяджэнні адзначана, што, паводле даных афіцыйнай статыстыкі за некалькі гадоў, узаемны тавараабарот дэманструе ўстойлівую дадатную дынаміку. Рэальныя аб’ёмы вышэйшыя за кошт паставак рыбы і рыбапрадукцыі ў Беларусь і беларускай тэхнікі ў Камчацкі край.
Беларусь гатова пастаўляць у рэгіён поўны спектр тэхнікі, спецыяльную пажарную тэхніку, машыны хуткай дапамогі, камбінаваныя дарожныя машыны і іншае. Прапанавана разгледзець стварэнне ў Камчацкім краі адзінага сэрвіснага цэнтра па рэалізацыі і абслугоўванні беларускай тэхнікі.
Бакі абмеркавалі абмен вопытам у галіне насенняводства і падрыхтоўкі кадраў для сельскай гаспадаркі. Беларусь гатова нарошчваць пастаўкі мясной і малочнай прадукцыі, кандытарскіх вырабаў, кансерваў і дзіцячага харчавання. У сваю чаргу наша краіна зацікаўлена ў павелічэнні паставак камчацкай рыбнай прадукцыі і морапрадуктаў.
Прапанавана прапрацаваць удзел беларускага боку ў стварэнні партовага лагістычнага цэнтра ў Камчацкім краі для транспарціроўкі беларускіх грузаў у рэгіён.
Дэлегацыя Камчацкага края працуе ў Мінску на працягу трох дзён: у праграму візіту ўваходзіць удзел у міжнароднай прамысловай выстаўцы «ІНАПРАМ. Беларусь», наведванне стэндаў буйных беларускіх прадпрыемстваў, а таксама азнаямленчыя паездкі на профільныя вытворчасці.






