Культура

Заключны тур нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні стартаваў у Маладзечне

13 чэрвеня, Маладзечна . Трэці, заключны, тур рэспубліканскага этапу Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні стартаваў у Палацы культуры горада Маладзечна ў рамках юбілейнага, XXV Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна»,

Сёння таленавітыя канкурсанты, прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў Беларусі, ужо выступалі на гэтай сцэне і выканалі песню ў другім туры. Вырашальны этап — выкананне мелодыі ў суправаджэнні заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М.Я.Фінберга.

Выступленне на маладзечанскім фестывалі маладыя артысты лічаць вялікім поспехам, а работу з адным з лепшых аркестраў Беларусі — цудоўнай школай прафесійнага майстэрства. Душой і сэрцам аркестра, яго ідэйным натхняльнікам многія гады быў Міхаіл Фінберг, і пад яго кіраўніцтвам калектыў атрымаў шырокую славу і прызнанне. Сёння лепшыя традыцыі прадаўжае таленавіты і адданы мастацтву галоўны дырыжор Максім Расоха.

Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні складаецца з трох этапаў. Першы — адборачны тур — праходзіў у рэгіёнах. У другім туры конкурснай праграмы ўдзельнікі павінны былі выканаць песню пад фанаграму «мінус адзін».

Маладых талентаў у другім і трэцім турах ацэньвае прафесійнае журы, якое ўзначальвае мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра імя М.Я.Фінберга Максім Расоха.

Трэці тур у прамым эфіры паказвае тэлеканал «Беларусь 3». А гэта значыць, што паслухаць канкурсантаў і атрымаць задавальненне ад іх выступленняў могуць не толькі гледачы ў зале, але і ўся краіна.

Конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні за гэты час стаў цэнтрам прыцягнення самых яркіх талентаў краіны. Ён адкрывае новыя імёны таленавітых артыстаў беларускай эстрады ў Маладзечне — горадзе, які заўсёды славіўся сваёй творчай атмасферай, натхненнем і ўтульнасцю.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»