Узоры ўзбраення і выступленні роты ганаровай варты паказалі будучым абітурыентам у Інстытуце пагранслужбы
Фота ДПК 10 кастрычніка, Мінск . Узоры ўзбраення і паказальныя выступленні роты ганаровай варты паказалі будучым абітурыентам у Інстытуце пагранслужбы ў час Дня адкрытых дзвярэй, паведамілі БЕЛТА ў Дзяржаўным пагранічным камітэце.
У Інстытут пагранічнай службы прыбылі будучыя абітурыенты з розных куткоў Беларусі. Пагранічнікі падрабязна расказалі наведвальнікам аб патрабаваннях для паступлення ў ВНУ ў 2027 годзе і асаблівасцях навучальнага працэсу.
Для гасцей арганізавалі выстаўку ўзораў узбраення, паказальныя выступленні роты ганаровай варты і кінолагаў са службовымі сабакамі, а таксама майстар-клас па прыёмах рукапашнага бою ад курсантаў.
Як адзначыў начальнік Інстытута пагранічнай службы генерал-маёр Сяргей Жылінскі, сёння ВНУ гатова прапанаваць навучэнцам, у першую чаргу, сучасную вучэбную матэрыяльна-тэхнічную базу. Практыка-арыентаваная падрыхтоўка ўключае не толькі лекцыйныя заняткі, але таксама выкарыстанне ўсёй наяўнай у органах пагранічнай службы базы.
«У нас ёсць сучасная вучэбная пагранічная застава. Таксама нашы курсанты праходзяць практыку ў тэрытарыяльных органах пагранічнай службы, на пагранічных заставах, у аддзяленнях пагранічнага кантролю. Гэта дае добры эфект для таго, каб яны максімальна хутка асвоілі прафесію», — расказаў ён.
Асаблівую цікавасць у старшакласнікаў выклікаў музей гісторыі пагранічнай службы. Яго экспазіцыя прысвечана гераічнаму мінуламу вартавых граніцы. А экскурсіі па вучэбных аўдыторыях і курсанцкім інтэрнаце далі магчымасць зазірнуць у паўсядзённае жыццё будучых афіцэраў-пагранічнікаў. На заканчэнне ўсіх гасцей пачаставалі салдацкай кашай.





