Упершыню ў СНД прааналізавана практыка прызнання і выканання рашэнняў судоў Садружнасці
8 кастрычніка, Мінск . Упершыню ў СНД прааналізавана практыка прызнання і выканання судовых рашэнняў краін Садружнасці. Аб гэтым паведаміў старшыня Вярхоўнага Суда Беларусі Андрэй Швед на другім пасяджэнні Савета старшынь вярхоўных (вышэйшых) судоў дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў, якое праходзіць у Мінску,
Андрэй Швед падзякаваў усім членам савета — кіраўнікам вышэйшых судовых органаў краін СНД за праведзеную вялікую і змястоўную работу. «Прыведзеная вамі інфармацыя абагульнена, усебакова вывучана і ўключана ў Зводны агляд судовай практыкі разгляду спраў (хадайніцтваў) аб прызнанні і выкананні рашэнняў замежных судоў дзяржаў — удзельніц СНД», — сказаў ён.
Старшыня Вярхоўнага Суда адзначыў, што такая работа ў рамках савета праведзена ўпершыню. «Мы пастараліся комплексна паглядзець, як на практыцы ў дзяржавах СНД прымяняюцца палажэнні міжнародных дагавораў аб прызнанні і выкананні судовых рашэнняў, якія падыходы з’яўляюцца ўжо агульнымі, у якіх пытаннях захоўваюцца адрозненні і, самае галоўнае, якія праблемы патрабуюць нашага сумеснага абмеркавання і вырашэння», — дадаў Андрэй Швед. Ён выказаў думку, што разгляд на савеце гэтага пытання з’яўляецца своечасовым і практычна значным.
Прызнанне і выкананне замежных судовых рашэнняў з’яўляецца адным з найважнейшых элементаў міжнароднай прававой дапамогі, адзначыў ён. Ад таго, наколькі эфектыўна дзейнічае гэты інстытут, у многім залежыць рэальная судовая абарона грамадзян і арганізацый за межамі дзяржавы, у якой вынесена рашэнне.
«Інакш кажучы, судовае рашэнне павінна захоўваць сваё практычнае значэнне і тады, калі неабходнасць яго выканання выходзіць за нацыянальныя межы», — падкрэсліў старшыня Вярхоўнага Суда.
Абагульненне судовай практыкі паказала, што краіны СНД у гэтай сферы ўзаемадзейнічаюць дастаткова актыўна. Склалася неабходная міжнародная прававая база, назапашаны значны вопыт узаемадзеяння судоў і іншых кампетэнтных органаў.
У цэлым ён падкрэсліў каштоўнасць праведзенай сумеснай работы. Першы падрыхтаваны ў рамках савета аналіз практыкі прызнання і выканання замежных судовых рашэнняў даў магчымасць убачыць пытанні, якія патрабуюць далейшага сумеснага асэнсавання. Старшыня Вярхоўнага Суда выказаўся наконт прадаўжэння такой аналітычнай работы.
У снежні 2024 года Беларусь прыняла старшынства ў Савеце старшынь вярхоўных (вышэйшых) судоў дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
Галоўная тэма парадку дня сённяшняга пасяджэння звязана з прызнаннем і выкананнем рашэнняў замежных судоў дзяржаў — удзельніц СНД. Тэма актуальная і значная для кожнай з дзяржаў Садружнасці. Яна непасрэдна звязана з рэалізацыяй судовых рашэнняў нацыянальных судоў і адпаведна з абаронай як грамадзян краін, так і суб’ектаў гаспадарання.
Фота Таццяны Матусевіч






