У Расіі праходзіць асноўны дзень выбараў у Дзярждуму, у Беларусі расіяне змогуць прагаласаваць у 7 гарадах
20 верасня, Масква /Эдуард Півавар . Асноўны дзень парламенцкіх выбараў праходзіць сёння ў Расіі,
У бягучым годзе галасаванне арганізавана на працягу трох дзён. За першыя два дні яўка ўжо склала амаль 45%.
Расіяне выбіраюць Дзяржаўную думу дзевятага склікання. З 450 месцаў дэпутатаў палавіна выбіраецца па партыйных спісах, яшчэ 225 — у аднамандатных акругах. За галасы выбаршчыкаў па федэральнай акрузе змагаюцца 10 партый. Гэта «Адзіная Расія», ЛДПР, Партыя прамой дэмакратыі, «Зялёныя», «Справядлівая Расія», «Радзіма», КПРФ, Партыя пенсіянераў, «Камуністы Расіі» і «Новыя людзі». Каб прайсці ў Дзярждуму, партыям неабходна набраць не менш за 5% галасоў выбаршчыкаў. У аднамандатных акругах пераможа кандыдат, які набраў больш галасоў, чым яго сапернікі.
За ходам галасавання сочаць больш за 1,1 тыс. міжнародных наглядальнікаў са 133 краін, а таксама ад СНД, ШАС, АДКБ і шэрага іншых структур. У назіранні ўдзельнічаюць прадстаўнікі Беларусі — члены Савета Рэспублікі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, дыпламаты, большасць з якіх уключаны ў склад місіі ад СНД. Па інфармацыі Цэнтрвыбаркама Беларусі, старшыня ЦВК Ігар Карпенка таксама знаходзіцца ў Маскве.
Акрамя дэпутатаў Дзярждумы ў рамках Адзінага дня галасавання выбіраюцца кіраўнікі рэгіёнаў — Мардовіі, Тывы, Чачні, Белгарадскай, Бранскай, Пензенскай, Цвярской і Ульянаўскай абласцей, заканадаўчыя сходы 39 суб’ектаў РФ, а таксама мясцовыя органы ўлады. У адпаведнасці з абноўленым заканадаўствам, грамадзяне Беларусі, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Расіі, упершыню атрымалі права паўнацэнна ўдзельнічаць у мясцовых выбарах.


Пры гэтым грамадзяне Расіі, якія пастаянна пражываюць або часова знаходзяцца ў Беларусі, могуць прагаласаваць сёння ў 7 гарадах на ўчастках для галасавання пры дыпламатычных прадстаўніцтвах Расіі ў Беларусі. Выбарчыя ўчасткі адкрыты да 20.00 у Мінску, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, Бабруйску, дзе расійскія грамадзяне могуць аддаць свае галасы за кандыдатаў у Дзяржаўную думу па агульнафедэральных спісах.
Фота Алега Файніцкага






