У Іспаніі пры сутыкненні двух паяздоў загінулі 46 чалавек
Фота ТАСС 28 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сама меней 46 чалавек загінулі пры сутыкненні двух пасажырскіх паяздоў у іспанскай правінцыі Таледа ў Іспаніі, паведаміла газета АВС.
Адной з прычын аварыі магла стаць памылка аператара. Выданне са спасылкай на крыніцы паведамляе, што магчыма дыспетчар у цэнтры кіравання мог памылкова дазволіць поезду AVE прадоўжыць рух, хоць поезд Iryo заставаўся на пуцях.
Прэм’ер-міністр Педра Санчэс заявіў, што ўражаны чыгуначнай катастрофай у Таледа. Ён пацвердзіў, што знаходзіцца ў пастаянным кантакце з міністрам транспарту Оскарам Пуэнтэ і з рэгіянальнымі ўладамі. Паводле яго слоў, на месцы працуюць экстранныя службы, яны дапамагаюць пацярпелым і забяспечваюць іх бяспеку ў каардынацыі з усімі адпаведнымі органамі.
Паведамляецца, што сутыкненне двух паяздоў на высакаскораснай чыгуначнай лініі паміж Мадрыдам і Андалусіяй парушыла рух.
Паводле інфармацыі газеты El Pais, аварыя здарылася каля 9.00 па мясцовым часе (11.00 па мінскім часе) у раёне населеных пунктаў Урда і Лас-Ебенес. Сутыкнуліся поезд AVE кампаніі Renfe, які ехаў з Мадрыда ў Севілью, і састаў кампаніі Iryo, які рухаўся насустрач. Два вагоны аднаго з паяздоў сышлі з рэек. Паведамлялася аб шматлікіх пацярпелых. Да месца здарэння прыехалі пажарныя і медыкі.-0-




