У Беларусі праводзіцца камандна-штабное вучэнне з Заходнім аператыўным камандаваннем
Фота «Ваяр» 15 верасня, Мінск . З 15 па 18 верасня пад кіраўніцтвам начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першага намесніка міністра абароны Беларусі Паўла Муравейкі праводзіцца камандна-штабное вучэнне (КШВ) з Заходнім аператыўным камандаваннем. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве абароны.
Тэма вучэння — «Кіраванне войскамі аператыўнага камандавання ў ходзе стратэгічнай аперацыі УС». Галоўная мэта — навучанне органаў кіравання, злучэнняў і воінскіх часцей аператыўнага камандавання сумеснаму вырашэнню задач у ходзе падрыхтоўкі і вядзення стратэгічнай аперацыі УС.
Вучэнне праводзіцца ў адпаведнасці з Планам падрыхтоўкі Узброеных Сіл у 2025/26 навучальным годзе, з’яўляецца адным з галоўных мерапрыемстваў падрыхтоўкі войскаў аб’яднання, мае выключна абарончы характар і накіравана ў тым ліку на павышэнне здольнасці войскаў абараніць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць дзяржавы.
У інтарэсах якаснай адпрацоўкі комплексу практычных мерапрыемстваў і дзеянняў войскаў створана вучэбная абстаноўка з улікам аналізу вопыту сучасных ваенных канфліктаў і тэндэнцый развіцця ўзброенай барацьбы.
У ходзе КШВ будуць адпрацаваны пытанні кіравання групоўкай войскаў (сіл) у ходзе прыкрыцця Дзяржаўнай граніцы, забеспячэння ваеннага становішча, у тым ліку пошук, блакіраванне і знішчэнне дыверсійна-разведвальных груп праціўніка і незаконных узброеных фарміраванняў, а таксама вядзенне барацьбы з лёгкаматорнай авіяцыяй і беспілотнымі лятальнымі апаратамі праціўніка.
Таксама прадугледжваецца адпрацоўка пытанняў прымянення беспілотнага авіяцыйнага комплексу, маскіроўкі, забеспячэння жывучасці, аднаўлення баяздольнасці і ўсебаковага забеспячэння дзеянняў войскаў (сіл).
Да вучэння прыцягваюцца: упраўленне аб’яднання з падраздзяленнямі забеспячэння, аховы і абслугоўвання, па адным механізаваным (танкавым) батальёне са сродкамі ўзмацнення ад механізаваных брыгад, а таксама ўпраўленні воінскіх часцей, якія ўваходзяць у склад аператыўнага камандавання.
Практычныя дзеянні войскаў аператыўнага аб’яднання пройдуць на палігонах «Гожскі», «Брэсцкі» і «Ружанскі», а таксама на ўчастках мясцовасці на тэрыторыі Брэсцкай і Гродзенскай абласцей.
Колькасць удзельнікаў вучэння, а таксама колькасць асноўных сістэм узбраення не перавышаюць параметры, якія вызначаны Венскім дакументам 2011 года і падлягаюць паведамленню.
Начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першы намеснік міністра абароны Беларусі Павел Муравейка адзначыў, што яшчэ вясной у ходзе маштабнай праверкі баявой гатоўнасці з гэтым аб’яднаннем было праведзена комплекснае вучэнне. «Па яго выніках мы ацэньвалі работу штабоў, іх здольнасць прымаць рашэнні ў абстаноўцы, якая хутка змяняецца, а таксама ацанілі здольнасць і гатоўнасць аб’яднання падрыхтаваць і правесці аперацыю ў скарочаных на 50-60% часавых інтэрвалах. Вясной многія рэчы атрымаліся і далі нам падставу для разважанняў і прыняцця адпаведных рашэнняў», — сказаў ён.
Першы намеснік міністра абароны падкрэсліў, што ў рамках гэтага вучэння пытанні, якія пакладзены ў сучасную сістэму кіравання, у падыходы да арганізацыі і разгортвання пунктаў кіравання, будуць апрабаваны на войсках Заходняга аператыўнага камандавання.
«Мы свядома робім упор на падрыхтоўку штаба, таму што сёння ад прыняцця рашэнняў, ад хуткасці работы службовых асоб, ад магчымасці сістэмы сувязі і кіравання перадаваць адпаведныя сігналы залежыць вельмі шмат. Пры гэтым у якасці галоўных напрамкаў у рамках гэтага вучэння — прыняцце рашэння, аператыўнае перамяшчэнне на мясцовасці, разгортванне пунктаў кіравання па кластарным тыпе — фактычна ўсе тыя новыя элементы, якія былі прадэманстраваны Галоўнакамандуючаму ў ходзе наведвання ў верасні вучэнняў войскаў сувязі», — растлумачыў Павел Муравейка.
«Мы не разглядаем ніякія наступальныя дзеянні, і ў сувязі з гэтым розныя разважанні, абмеркаванні і тэматыка, якая будзе ўзнімацца, што Узброеныя Сілы Беларусі нібыта рыхтуюцца да наступлення на суседнія краіны, абсалютна беспадстаўныя і не маюць пад сабой ніякіх рэальных напрамкаў і вынікаў», — заявіў начальнік Генштаба.
«Па выніках вучэння мы хочам атрымаць адказ на пытанні, наколькі на сёння войскі камандавання адаптаваны да сучасных умоў вядзення баявых дзеянняў і наколькі здольны рэалізоўваць тыя элементы ў арганізацыі кіравання і пабудове сістэмы кіравання, якія сёння з’яўляюцца актуальнымі і важнымі», — рэзюмаваў Павел Муравейка.





